Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць у Горадні пра месца правядзеньня Кангрэсу?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Дзе лепей праводзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім мае быць абраны адзіны кандыдат на прэзыдэнта — у Беларусі ці за мяжой? Ці варта давяраць уладам, якія прапанавалі, каб кангрэс адбыўся ў Менску? Гэтыя пытаньні задаваў гарадзенцам наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Лепей за ўсё трэба было б праводзіць кангрэс у Беларусі, але ў гэтай палітычнай сытуацыі, калі няма даверу да ўладаў, праводзіць яго тут нават небясьпечна, бо могуць быць учыненыя нейкія правакацыі. Беларускае тэлебачаньне можа выкарыстаць падзею ў мэтах рэжыму, каб скампрамэтаваць і сам кангрэс, ягоную ідэю, і таго адзінага кандыдата ад дэмакратаў, які там будзе абраны”.

(Дзяўчына: ) “Калі ўлада раптам робіць нейкі крок у бок апазыцыі, гэта значыцца што яна робіць яго толькі таму, што ёй штосьці патрэбна. Я ня маю ілюзіяў адносна таго, што гэтая ўлада ў нейкіх момантах будзе паводзіць сябе прыстойна, ня будзе, яна гэта ўжо паказала. Незалежнаму руху ўлада даўным-даўно абвясьціла вайну і вядзе яе пасьлядоўна, і таму я лічу, што гуляць паводле правілаў, якія прапануе ўлада, дэмакратычнаму руху не патрэбна, таму што тады дэмакратычны рух прайграе”.

(Спадар: ) “Я б на месцы апазыцыі ніколі б не праводзіў гэты кангрэс у Менску, каб не прыніжацца надалей, а правёў бы яго у Вільні ці ў Расеі”.

(Сталы спадар: ) “Трэба адназначна праводзіць кангрэс у Беларусі. Улады таксама хочуць, каб людзі жылі лепей, каб жылі ў згодзе. Таму за мяжой вырашаць такія пытаньні, я думаю, будзе няправільна”.

(Пажылы спадар: ) “Я думаю, што яны ня будуць чыніць перашкоды, бо гэта маюць быць дэмакратычныя выбары, на законных падставах, не парушаючы канстытуцыю. Дык навошта тады перашкаджаць? Я думаю, што яны ня будуць гэтага рабіць”.

(Маладзён: ) “Мне здаецца, што можна правесьці кангрэс у сваёй краіне, а не за мяжой, каб нікуды ня ехаць, а выбраць свайго адзінага кандыдата на месцы”.

(Спадар: ) “Я думаю, што лепш праводзіць яго тут, канечне, калі прэзыдэнт дасьць “дабро”. А калі не, дык тады ўжо на Ўкраіне праводзіць кангрэс трэба”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што ўладам давяраць нельга, хаця праводзіць кангрэс лепш было б у Беларусі. Але калі ня будзе такой магчымасьці, тады, канешне, за мяжой — у Кіеве ці ў Смаленску, як яны і меркавалі”.
XS
SM
MD
LG