Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка хоча стаць лідэрам усясьветнага антыамэрыканізму?


RFE/RL Свой аналіз прамовы Аляксандра Лукашэнкі ў ААН прапануе наш аглядальнік Юры Дракахруст.

На мой погляд , галоўным у выступе кіраўніка Беларусі была прапанова вызваліць Слабадана Мілошавіча і Садама Хусэйна. Тым самым Лукашэнка зрабіў заяўку на тое, каб стаць лідэрам усясьветнага антыамэрыканізму, так бы мовіць, глябальнага антыглябалізму.

Праўда, дзеля гэтага яму давялося моцна паграшыць супраць фактаў, сказаўшы, што Мілошавіч і Хусэйн кінутыя за краты па "непацьверджаных, абсурдных, надуманых абвінавачваньнях".

Зразумела, не асуджаны чалавек лічыцца невінаватым, але горы трупаў, якія пакінулі па сябе ірацкі і югаслаўскі кіраўнікі, можна не лічыць за доказ толькі пры вялікім жаданьні адмаўляць відавочнае.

Лукашэнка ня горш за іншых ведае, што гэтае ягонае патрабаваньне ня будзе выкананае, але разьлік на іншае – накіраваць пасланьне ўсім, хто не задаволены Амэрыкай: ад эўрапейскіх антыглябалістаў да іранскіх мулаў, ад паўночнакарэйскіх камуністаў да ісламскіх тэрарыстаў – я свой, я самы сьмелы, я не баюся кінуць выклік амэрыканцам, якіх вы так ненавідзіце.

Дарэчы, у рэчышчы гэтага пасланьня – і нядаўняе запрашэньне Фідэлю Кастру наведаць Беларусь. Жэст чыста сымбалічны, бо Кастра у вачох шмат каго па-ранейшаму застаецца жывым увасабленьнем шматгадовага супрацьстаяньня Амэрыцы.

У параўнаньні з выступам Лукашэнкі прамова расейскага лідэра Ўладзімера Пуціна гучала значна больш стрымана і менш канфрантацыйна.

У свой час Лукашэнка выступаў у падтрымку і Мілошавіча, і Хусэйна паасобку, але зараз ці не ўпершыню ён зьвёў гэтыя постаці разам , як праявы адзінага.

У гэтай прапанове кіраўнікам Беларусі праглядаецца дакладны псыхалягічны разьлік – яна шакуе, але і запамінаецца.

Гл. таксама • Лукашэнка выступіў у ААН – заклікаў вызваліць Мілошавіча і Хусэйна
XS
SM
MD
LG