Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыземленыя” клопаты лысагорцаў, або Чым жыве “пісьменьніцкі калгас”


Ігар Карней, Менск Нават індыфэрэнтны да літаратурных спраў абывацель чуў пра Лысую гару, пра славутую аднайменную паэму загадкавага аўтара Францішка Вядзьмака-Лысагорскага. І кожны, бадай, пры гэтым, маляваў ідылічную карцінку элітарнага паселішча, дзе гіпатэтычны творца зь пяром за вухам выношвае ідэю новага геніяльнага твору. Аднак на самых вядомых у краіне сотках ідзе звычайная падрыхтоўка да зімы. Зьбіраюць ягады, марынуюць памідоры, гуркі, соляць капусту, капаюць пад рыдлёўку бульбу – пісьменьніцкая бітва за ўраджай мала розьніцца ад сялянскіх клопатаў.

Усё гэта адбываецца за 20 кілямэтраў ад Менску, у лесе ля вайсковага стрэльбішча, дзе падначаленыя палкоўніка спэцназу Дзьмітрыя Паўлічэнкі імітуюць ваенныя дзеяньні, а на харчовыя праблемы, у адрозьненьне ад суседзяў-інтэлігентаў, не зьвяртаюць аніякае ўвагі. Наш карэспандэнт Ігар Карней днямі наведаў Лысую гару і пераканаўся: клопаты ў эліты ў літаральным сэнсе прыземленыя.

Той, хто чуў пра Лысую гару толькі з расповедаў ці стварыў для сябе вобраз элітнага паселішча на падставе аднайменнай паэмы Ведзьмака-Лысагорскага, будзе расчараваны. Пісьменьніцкія каапэратывы “Ўзгор’е-1” і “Ўзгор’е-2”, якія прыклеіліся адзін да аднаго з розьніцай у 20 гадоў, ня толькі нічым не вылучаюцца, але падаюцца маральна састарэлымі. Як на мой густ, дык лецішчы, аб’яднаныя ў каапэратыў “Сябры” побач з Астрашыцкім гарадком, дзе жыве мастацка-тэлевізыйная публіка, аб’ектыўна выглядаюць нашмат больш прывабнымі. Але адзін з лысагорцаў позьняга пэрыяду, пісьменьнік Генрых Далідовіч, астуджае крытычны дух: маўляў, параўноўваць парадкі 45-гадовай даўніны і тое, што было гадоў 20 таму, наўрад ці разумна...

(Далідовіч: ) “Да першых насельнікаў Лысай гары напачатку былі вельмі строгія патрабаваньні: не дазвалялася будаваць ні з цэглы, ні зь бярвёнаў, толькі з дошак. Уцяпляць дошкі – толькі шкловатай. Была спэцыяльная камісія, у якую ўваходзілі адстаўныя ваенныя. Дзе лічылі, што ня так зроблена, маглі адарваць дошку і ломам стукнуць, каб праверыць, што гэта, магчыма, ня з дрэва. Нельга было печы ставіць, відаць, і сьвятла спачатку не было. Нешта тыпу летніх домікаў, бо ў літаральным сэнсе гэта лецішчам і не назавеш. Садовы ўчастак – якое гэта лецішча, 4 соткі... Але бум прайшоў, яны тым часам у паэму трапілі. Ніл Гілевіч, дарэчы, заявіў, што гэта ён аўтар; Мікола Аўрамчык, у сваю чаргу, кажа, што ня толькі пастаўляў Гілевічу матэрыял, але нават некаторыя разьдзелы пісаў. Але хай яны паміж сабой самі разьбіраюцца”.

Цікава, што абодва паэты, якія прэтэндуюць на аўтарства “Лысай гары”, аднайменную геаграфічную прастору сваёй увагай ня цешаць. У Ніла Гілевіча лецішча зусім у іншым месцы; Мікола Аўрамчык аддаў свой пляц дзецям, а сам больш аблюбаваў Бабруйшчыну. Пасьля канфлікту, падобна, Лысая гара для абодвух стала ўвогуле раздражняльнікам. Міколу Аўрамчыка знайшоў па тэлефоне.

(Аўрамчык: ) “Ну, як гэта – Ніл пісаў і мне потым чытаў? Пры чым тут гэта? Справа ў тым, што там жа яшчэ нічога не было, на Лысай гары. Я ж ня мог яму яшчэ нічога расказваць! Там поле было голае, і ўсё. Дык як гэта – я расказваў, а ён пісаў? Пачалі ж мы пісаць не пра поле, а пра Саюз пісьменьнікаў. Дый суцэльны рогат ад працы быў, суцэльны рогат”.

Абодва “Ўзгор’і” ужо даўно населеныя далёка не аднымі літаратарамі. Сям’ю суседа-інжынэра Івана Барэйшыка зь ягонай жонкай Яўгеніяй прэзэнтуе Генрых Далідовіч.

(Далідовіч: ) “Мы стаім на ўчастку, які можна назваць узорным для нашага “Ўзгор’я-2: усё акуратненька, усё дагледжана. Ну, проста міла воку…”.

(спн. Яўгенія: ) “Хопіць, Генрых. Пойдзеш на пэнсыю, будзеш даглядаць таксама”.

(Карэспндэнт: ) “Як ураджай ацэньваеце?”.

(спн.Яўгенія: ) “У мужа майго заўсёды цудоўны ўраджай вырастае. Гэта ён тут галоўны…”

(Карэспандэнт: ) “На гародзе ў вас патрыярхат?”

(спн.Яўгенія: ) “Мы спэцыяльна не дзялілі, але так атрымалася”.

Да размовы далучаецца інжынэр Іван Барэйшык.

(сп.Іван: ) “Усё робіцца дзеля інтарэсу, мне сапраўды цікава гэтым займацца. Нават ня дзеля ўраджаю, а проста цікава – каб памідоры фітафтора ня зьела. Я, дарэчы, нічым іх ня пырскаў, паліваю толькі зранку, усё ў мяне адкрыта, каб прадзімала. А што да ўзаемаадносінаў з творцамі, дык тут інакш ня скажаш – з кожным вельмі прыемна мець справу. Адукаваныя людзі. Тут не чуваць ні мату, ні перамату, няма такіх элемэнтаў, як у суседзяў-сувязістаў – маладыя людзі, а вушы трэба завязваць. А тут усё вельмі прыстойна”.

(спн.Яўгенія: ) “Генрых нам крыху літаратуры падкідае: гэтую прачытайце да вечара, вярніце, а гэтую можаце патрымаць да заўтра”.

(сп.Іван: ) “Сярод гэтых людзей вельмі прыемна быць…”.

(сп.Яўгенія: ) “Нездарма ж тут вісіць аб’ява кожны раз: куплю ці здыму лецішча”.

Адрозна ад сучасных лецішчаў, якія ўсё больш нагадваюць эўрапэйскія загарадныя дамы – з траўнікамі і практычна поўнай адсутнасьцю градаў – 4 соткі лысагорцаў, як і раней, аддадзеныя пад будучыя харчы. Старажыл першага “Ўзгор’я”, адзін з пэрсанажаў знакамітай паэмы, Васіль Зуёнак, як, зрэшты, і ягоная жонка, Валянціна Мацьвееўна, за 40 гадоў жыцьця на Лысай гары могуць лічыць сябе “акадэмікамі агародных навук”. Але для затраўкі размовы – пра былое. (Карэспандэнт: ) “Хто з аднадумцаў яшчэ тут застаўся ўвогуле?”.

(Зуёнак: ) “Ну хто? Генрых вось, але ён ужо “за мяжой”, у іх другая каапэрацыя, дык яны нас туды ўжо не пускаюць... А з нашых, старых, амаль ужо і нікога. Вярцінскга я не лічу старажылам, бо ён падсяліўся нашмат пазьней”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Валянціна, харчовая праграма на гэты год выкананая?”

(спн.Валянціна: ) “З аднаго боку – няблага, зь іншага – ня вельмі. Бульба сёлета ня вырасла, а ўсё астатняе ўрадзіла. Парнік быў, дык добры ўраджай памідораў сабралі. Выручае лецішча, адназначна. Летнія грошы меней расходуюцца. Дый мы ж ня толькі сабе рыхтуем, але і сыну дапамагаем, унуку”.

(Карэспандэнт: ) “Сэзон для вас калі заканчваецца?”.

(спн.Валянціна: ) “Жывём тут дзесьці да 20 кастрычніка, бо ацяпленьне, самі ж ведаеце, калі ў горадзе ўключаюць. А ў нас яшчэ паўночны бок, дык так ужо азызла. А тут ураган гэты быў, дык сын трохі дроваў нарыхтаваў. І мы палім печ”.

(Карэспандэнт: ) “Зараз мода на лецішчах крыху іншая – траўнік, газоны...”

(спн.Валянціна: ) “Разумееце, траўка нам даражэй абыдзецца, дый ня тая асалода. Да таго ж, тыя, хто заводзіць траву, стрыгуць яе праз тыдзень, гэта дакладна. Мы наўрад ці так зможам. Але мы апошнім часам зацікавіліся з Васілём кветкамі, любім, каб іх было шмат. Да таго ж, як мы сьмяёмся, ёсьць у нас і свая сунічная паляна. Мы па ёй ходзім, а ўсё роўна зелена і прыгожа”.

Няўжо лецішча, на якім ад ранку да вечара трэба гарбаціцца – гэта і ёсьць адпачынак? Старшыня каапэратыву “Узгор’е-1” Мікола Жыгоцкі не сумняецца: так яно і ёсьць. Такі адпачынак – самы сапраўдны.

(Жыгоцкі: ) “Так, сапраўдны. Такую традыцыю наадварот трэба ўмацоўваць. Гэта і ёсьць сапраўдны адпачынак: ідзеш – а вакол ціха-ціха…”

(Карэспандэнт: ) “Адчуваеце сябе менавіта ў падтэксьце Лысай гары ці гэта ўжо мінулая гісторыя?”.

(Жыгоцкі: ) “Я ніколькі не шкадую, што ўзяў у свой час надзел. Хоць усё давялося перанесьці сюды на сваіх плячох”.

А вось пісьменьніку Івану Стадольніку зямля, падаецца, асабліва і не патрэбная. Пасьля некалькі складаных апэрацый штосьці фізычна рабіць ён ужо ня можа. Але Стадольніка цешыць сам факт, што ён зьяўляецца ўладальнікам сотак у такім вядомым месцы.

(Стадольнік: ) “Бальшавікі забралі зямлю, каб зрабіць людзей быдлам. І быдла яшчэ хай мяне прабачыць, бо быдла часта разумнейшае: харчуецца, дае нешта, а тут размова пра барбараў, дзікіх істотаў. Гэта антылюдзі, я б так сказаў. Але і зараз шмат хто зямлю кідае – нам далі дадаткова па 2 соткі…”

(Карэспандэнт: ) “Я бачыў – палова ўжо зарасла цалкам…”

(Стадольнік: ) “Так, і мае соткі там. Але я не кідаю, я суседзям сказаў – калі ласка, апрацоўвайце. Але кідаюць, сапраўды. Зямля гэтая дадзена нам па 2 соткі не ў арэнду, а ў вечнае карыстаньне, бясплатна. Ну, але ведаеце, платнасьць-бясплатнасьць – усё адносна: сёньня так, а заўтра так, надзея на стабільнасьць малая”.

Напрыканцы знаходжаньня на Лысай гары быў запрошаны на абед да сям’і Далідовічаў на “Ўзгор’е-2”. І бяз лішніх тлумачэньняў было бачна, наколькі гаспадары цэняць сваё цяперашняе шчасьце.

(Карэспандэнт: ) “Вось на гэтым стале – што сваё, што ваша?”

(спн. Марыя: ) “Усё, што на стале, усё з нашых градаў”.

(сп.Генрых: ) “Апроч сьвініны, натуральна…Хоць напачатку, як пачалося будаўніцтва, шмат хто, у тым ліку і Дайнэкі, трымалі трусоў. Мой сусед доўга трымаў курэй. Мне й самому давялося паўстаць супраць таго, каб трымаць нейкую жыўнасьць па той простай прычыне, што на корм цягнуліся ўсялякія хвастатыя, паратунку ад іх не было”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, куры – гэта самае вялікае, што тут вадзілася…”

(сп.Генрых: ) “Цяпер, здаецца, ніхто нічога не трымае…”.

(спн.Марыя: ) “Дзеля гэтага тут трэба жыць, каб нешта мець”.

Калі за зімовыя запасы жыхары Лысай гары спакойныя, то іхная творчая дзялка, падаецца, парасла пустазельлем. Зацягнутыя харчовай праграмай, мала хто з творцаў узгадвае пра асноўную сваю “зброю” – пяро. Кажучы пра творчы багаж, адсылаюць на дзесяткі гадоў назад. Можа таму адзін з патрыярхаў беларускай літаратуры Рыгор Барадулін творчае натхненьне чэрпае не з лысагорскіх сотак, дзе мае моцны яшчэ дом, а на радзіме ва Ўшаччыне. У пісьменьніцкім калгасе добра, а дома ўсё ж лепей…

Фотарэпартаж

Сям’я інжынэра Барэйшыка надзвычай камфортна пачувае сябе сярод творчай эліты.

Суседзі па “Узгор’ях” – Генрых Далідовіч і Васіль Зуёнак.

Тыповае лецішча пачатку 60-х.

Дом Рыгора Барадуліна. Але дзядзька Рыгор па-ранейшаму аддае перавагу роднай хаце на Ўшаччыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG