Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія ААН абвінаваціла беларускія ўлады ў парушэньні правоў вернікаў


Любоў Лунёва, Менск Міліцэйскае кіраўніцтва паабяцала вернікам царквы “Новае жыцьцё” вырашыць іх праблему, калі яны адмовяцца ад правядзеньня акцыі пратэсту на менскай плошчы Незалежнасьці. Паводле рашэньня Менгарвыканкаму, у вернікаў адабралі зямлю, а іх будынак, у якім ідуць набажэнствы, пераводзяць у дзяржаўную маёмасьць. Падобная сытуацыя скалалася і ў індуістыаў “Сьвядомасьці Крышны” — сёньня яны атрымалі адказ з камісіі правоў чалавека ААН аб тым, што беларускія ўлады парушылі іхныя правы.

Вернікі царквы “Новае жыцьцё” зьбіраліся а 16-й гадзіне правесьці акцыю на плошчы Незалежнасьці. Пратэстанцкай царкве “Новае жыцьцё” пагражае ліквідацыя. Яна зарэгістравана ў Мін’юсьце ў 1992 годзе і налічвае больш за 1000 вернікаў. Храм пратэстантаў (былы калгасны кароўнік) знаходзіцца на ўскрайку Менску — вернікі набылі яго ў 2002 годзе, там разьмясьцілася й нядзельная школа. Менгарвыканкам месяц таму пазбавіў царкву зямельнага ўчастку. Вернікам прапанавалі пакінуць памяшканьне. Прыватную ўласнасьць перавядуць у дзяржаўную, пералічыўшы грошы на рахунак царквы.

Такім чынам, з прычыны таго, што ў пратэстантаў ня будзе юрыдычнага адрасу, іхную суполку зьліквідуюць. Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка лічыць, што дзеяньні ўладаў абумоўленыя рэлігійнай нецярпімасьцю. Ён спасылаецца на тое, што насупраць у вагончыку месьціцца праваслаўны храм, і гэта не выклікае прэтэнзіяў зь іх боку.

Вернікі пачалі акцыю пратэсту. З 2 верасьня яны застаюцца ў храме бесьперапынна, зьмяняючы адзін аднаго. Сьвятар заявіў, што будынак добраахвотна не аддадуць. Паколькі вернікі запрашалі да сябе старшыню Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава, але ён праігнараваў запрашэньне, то сёньня яны вырашылі самі прыйсьці да яго. За дзьве гадзіны да правядзеньня акцыі адміністратара царквы Васіля Юрэвіча і пастара Вячаслава Ганчарэнку запрасіў да сябе намесьнік міністра ўнутраных справаў Віктар Філістовіч і паабяцаў вырашыць іх пытаньне, калі вернікі адмовяцца праводзіць вулічную акцыю. Гаворыць Васіль Юрэвіч:

(Юрэвіч: ) “Відаць, наша заяўка напалохала ўлады. Нас запрасілі на сустрэчу з генэралам Філістовічам. У прыватнай размове з намі ён запэўніў, што ў панядзелак пачне займацца вырашэньнем нашага пытаньня — але толькі ў выпадку, калі мы ня пойдзем сёньня на плошчу. Мы пайшлі насустрач толькі таму, каб нас потым не абвіначвалі, што не намагаліся вырашыць пытаньне мірным шляхам. Маленькая перамога крышнаітаў надае нам крыху аптымізму”.

Гэта ўжо трэцяя пратэстанцкая суполка, якую ліквідуюць улады цягам месяца. Зьліквідавалі суполку кальвіністаў, дзе пастарам зьяўляецца Леанід Ліпень. 20 верасьня адбудзецца апошняе паседжаньне ў справе ліквідацыі пратэстанцкай суполкі Яна Сабілы.

Індуісты апынуліся ў аналягічнай сытуацыі. Раней яны зьвярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН, і сёньня атрымалі адказ. У рэзалюцыі сьцьвярджаецца, што беларускія ўлады парушылі права вернікаў. Па-першае, абмежавалі іх права на дачыненьні і права запрашаць прапаведнікаў.

Па-другое, не далі магчымасьці вернікам адкрыць свае навучальныя ўстановы. А таксама штучна стварылі невыносныя ўмовы для існаваньня арганізацыі. Камітэт правоў чалавека абавязаў беларускі ўрад у трохмесячны тэрмін надрукаваць рэзалюцыю ААН у СМІ.
XS
SM
MD
LG