Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выступіў у ААН – заклікаў вызваліць Мілошавіча і Хусэйна


RFE/RL Галоўнай тэмай выступу А.Лукашэнкі стала праблема "аднапалярнасьці" сучаснага сьвету і крытыка ЗША. На пачатку выступу А.Лукашэнка таксама выказаў настальгію па СССР.

(Лукашэнка: ) "Прайшло 15 гадоў з часу распаду маёй краіны – СССР. Гэта падзея цалкам зьмяніла пабудову сьвету. Савецкі Саюз пры ўсіх памылках і промахах яго кіраўніцтва быў тады апірышчам і надзеяй многіх дзяржаваў і народаў".

Пра аднапаляранасьць прэзыдэнт выказаўся такім чынам:

(Лукашэнка: ) "Сёньня сьвет аднапалярны. З усімі наступствамі гэтага: зьнішчана і сьцёрта з мапы Эўропы квітнеючая Югаславія, шматпакутны Аўганістан ператвораны ў ачаг канфліктаў, крывавая бойня ідзе ў Іраку і да сёньня".

Пра саюз з Расеяй і "ўмяшаньне" ЗША А.Лукашэнка сказаў:

(Лукашэнка: ) "Мы стварылі моцны і пасьпяховы саюз з блізкай нам Расеяй. Мы будуем нашую краіну сваім розумам, базуючыся на сваіх традыцыях. Але мы бачым: гэты выбар нашага народу падабаецца ня ўсім. Ён не падабаецца тым, хто хоча кіраваць аднапалярным сьветам. Як кіраваць? Калі няма канфліктаў – стварыць іх. Калі няма прычынаў для ўмяшальніцтва – стварыць віртуальныя нагоды. Для гэтага знойдзены вельмі зручны сьцяг – дэмакратыя і правы чалавека. Прычым не ў рэальным значэньні ўлады народу і годнасьці людзей, а ў трактоўцы амэрыканскага кіраўніцтва".

Аляксандар Лукашэнка пашкадаваў, што ААН дазваляе выкарыстоўваць сябе як інструмэнт у палітыцы, якая мае на мэце пабудову аднапалярнага сьвету. Беларускі кіраўнік выказаў нязгоду з пастановамі камісіі правоў чалавека ААН аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі.

А далей беларускі кіраўнік заступіўся за правы зьняволеных на базе Гуантанама падазраваных у тэрарызьме ваеўнікоў "Аль-Каіды" і Талібану, а таксама за зьняволеных Слабадана Мілошавіча і Садама Хусэйна:

(Лукашэнка: ) "Кіраўнікі зьнішчаных Югаславіі й Іраку па непацьверджаных, абсурдных, надуманых абвінавачаньнях кінутыя за краты. Так зручней за ўсё схаваць праўду аб зьнішчэньні іхных дзяржаваў. Суд над Мілошавічам даўно стаў карыкатурай. Садам Хусэйн, як у сьвеце дзікуноў, ададзены на літасьць перможцы.... Яны павінны быць на свабодзе і свабодна абараняць свае правы".

Гл. таксама • Як ацэньваюць у Беларусі выступ Лукашэнкі ў ААН? • А.Лукашэнка хоча стаць лідэрам усясьветнага антыамэрыканізму? • Беларускі пікет у Нью-Ёрку (фотарэпартаж) • Беларусы ў Нью-Ёрку правялі пікет на самым бачным месцы
XS
SM
MD
LG