Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Двух грамадзян Беларусі судзяць за крадзеж і эксплюатацыю людзей


Міхал Карневіч, Горадня У горадзе Сьвіслач Гарадзенскай вобласьці сёньня распачаўся судовы працэс над двума грамадзянамі Беларусі, якіх абвінавачваюць у вярбоўцы і крадзяжы людзей з мэтай эксплуатацыі, а таксама ў катаваньні іх і ў насільным ўтрыманьні. У зале суда прысутнічаў толькі адзін з пацярпелых, другі, па невядомых прычынах у суд не зьявіўся. На месцы пабываў наш карэспандэнт.

Судовы працэс пачаўся з хадайніцтва аднаго з абвінавачаных. Ён прасіў перанесьці разгляд справы ў іншы раённы цэнтар, паколькі ў сьледчым ізалятары, зь яго словаў, начальнік Сьвіслацкага раённага аддзяленьня міліцыі яму пагражае.

Адвакат другога абвінавачанага прасіў наагул не разглядаць справы, паколькі ў суд не зьявіўся другі пацярпелы. І яшчэ адно хадайніцтва паступіла ад адваката пацярпелага, які прасіў, каб слуханьне справы адбывалася ў закрытым пасяджэньні. Усе яны былі адхілены судзьдзёй Марыяй Аўсейчык.

Пракурор Юры Хох прадставіў справу так, што абвінавачаныя падманным шляхам прывезьлі з Кобрына дваіх чалавек у Сьвіслацкі раён, і выкарыстоўвалі іх у якасьці рабоў – прымушалі працаваць за сябе на фэрме, катавалі іх, забралі дакумэнты, а самі атрымлівалі іх заробак.

Сёньня на працягу цэлага дня працягвалася судовае сьледзтва: дапытваліся абвінавачаныя і пацярпелы. У перапынку я пацікавіўся ў пракурора Ю.Хоха ці даводзілася яму сустракацца з падобнымі справамі:

(Хох: ) “Па Беларусі няшмат такіх выпадкаў. Часьцей судзяць за гандаль людзьмі, калі, напрыклад, жанчын прадаюць за мяжу ў рабства. А вось з такімі выпадкамі, я не сустракаўся”.

Адвакат аднаго з пацярпелых Генадзь Дудко ацэньвае справу па-іншаму, ён лічыць, што гэта больш падобна на паказуху:

(Дудко: ) “Зьявілася магчымасьць прад’явіць абвінавачваньні паводле такога артыкулу, які ня часта сустракаецца. І такая магчымасьць у органаў папярэдняга расьсьледаваньня зьявілася, правесьці судзілішча і паказаць, што тут такая работа вядзецца”.

Падчас судовага сьледзтва высьветлілася, што адзін з абвінавачаных, Аліеў Аглы – нарадзіўся ў Азэрбайджане, цяпер мае беларускае грамадзянства, скончыў восем клясаў. Другі, Чыжэвіч Артур – нарадзіўся ў Кобрынскім раёне і мае адукацыю толькі тры клясы. У абодвух – сем’і і па трое дзяцей.

Пацярпелы – былы вайсковец, служыў нават у Аўганістане, цяпер пэнсіянэр і доўгі час ня мае вайго дому.

На наступным тыдні пачнецца разгляд яшчэ адной справы ў дачыненьні да брата Артура Чыжэвіча. Яго абвінавачваюць у такіх жа злачынствах.
XS
SM
MD
LG