Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся першы этап на шляху да выбару адзінага кандыдата


Алесь Дашчынскі, Менск У аргкамітэце Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў, які абярэ адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году, заявілі пра завяршэньне раённых сходаў. На іх абраныя 223 дэлегаты. Як ідзе падрыхтоўка да кангрэсу?

Паводле зьвестак аргкамітэту, сходы адбыліся ў 121 раёне, у іх узялі ўдзел 4300 удзельнікаў. Сярод абраных дэлегатаў — 57 беспартыйных, 57 сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 54 — БНФ, 28 — Партыі камуністаў Беларускай, а таксама прадстаўнікі БСДП (Грамады), “Маладога фронту”, “Народнай грамады”, Партыі працы і іншых. Сябра аргкамітэту Віктар Івашкевіч заяўляе, што завершаны этап правядзеньня сходаў быў пасьпяховым:

(Івашкевіч: ) “Больш за 80% сходаў мы правялі. Ну, і партыйнае прадстаўніцтва ў прынцыпе адэкватна, дакладна адлюстроўвае палітычную моц і ўплыў арганізацыяў як у Беларусі, так і ў рэгіёнах. Тое, што больш за ўсё ёсьць дэлегатаў беспартыйных, гэта паказчык удзелу таксама ня толькі партыйных актывістаў, але і прадстаўнікоў прафсаюзаў, няўрадавых арганізацыяў, грамадзянскіх ініцыятываў, так званага трэцяга сэктару”.

Паводле сябра аргкамітэту кангрэсу Аляксандра Дабравольскага, усяго будзе каля 700 дэлегатаў. Дэлегаты перадалі ў аргкамітэт ужо больш за 500 запоўненых анкетаў. Гэта дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў, былыя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дэпутаты мясцовых саветаў. Ад кожнай партыі будзе дзесяць чалавек, і кожная няўрадавая арганізацыя, якая выказалася за ўдзел у кангрэсе, зможа накіраваць аднаго дэлегата на кангрэс. Па часе будуць агучаныя і гэтыя лічбы.

У аргкамітэце таксама зьняпраўдзілі інфармацыю аб тым, што БСДП (Грамадзе) і яе лідэру Аляксандру Казуліну адмоўлена ва ўдзеле ў кангрэсе. Стала дзейная нарада дэмсілаў і аргкамітэт у сваім лісьце адзначылі, што партыя Казуліна можа сфармаваць сваю дэлегацыю, у тым ліку вызначыць 10 сваіх партыйцаў-дэлегатаў. Аляксандру Казуліну прапанавалі ўзяць удзел у працы аргкамітэту кангрэсу, і яму накіраванае запрашэньне. Аргкамітэт гарантаваў удзел усіх дэлегатаў ад Грамады ў працы кангрэсу дэмсілаў.

Тым часам першы намесьнік старшыні “Народнай грамады” Алесь Арастовіч заяўляе, што партыя Казуліна ня можа атрымаць так званай партыйнай квоты на 10 чалавек. Паводле спадара Арастовіча, пра гэта было заяўлена на ўчорашнім паседжаньні стала дзейнай нарады дэмсілаў.

(Арастовіч: ) “Наш асноўны дакумэнт — гэта рэглямэнт. У рэглямэнце пералічаны ўсе суб’екты. Партыя Казуліна не зьяўляецца суб’ектам. Таму на партыю Казуліна не распаўсюджваецца квота партыйная для ўдзелу ў кангрэсе”.

Намесьнік старшыні БСДП (Грамады) Уладзімер Нісьцюк сказаў, што гэтая сытуацыя будзе абмеркавана з прадстаўнікамі аргкамітэту кангрэсу.

(Нісьцюк: ) “Ну, гэта ж глупства якое. Як гэта можна не пусьціць на кангрэс партыю, якая адзіная цяпер мае рэальныя рэгіянальныя структуры? Партыя не зьбіраецца ні ў каго нічога прасіць. Партыя мае тое, што яна мае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG