Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелыя ад выбуху ў Віцебску – у шпіталі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Пацярпелыя ад выбуху віцебчукі знаходзяцца ў гарадзкім шпіталі хуткай дапамогі. Начальнік папярэдняга дасьледаваньня абласное ўправы МУС абвясьціў, што па факце ўчорашняга выбуху ў цэнтры Віцебску завялі крымінальную справу.

Адзінаццаціклясьнік віцебскай школы №22 Ігар Фядосенка і 37-гадовая Аксана Бесава былі дастаўлены ўчора ў гарадзкі шпіталь хуткай дапамогі, яны знаходзяцца ў аддзяленьні траўматалёгіі. У спадарыні Аксаны параненая рука. Але яна лічыць, што ёй усё адно пашанцавала, бо яны ішлі па праспэкце Фрунзэ разам з паўтарагадовым сынам, і за колькі хвілінаў да выбуху ён адбег ўбок ад клюмбы, дзе ляжала выбуховае прыстасаваньне.

Дактары мяркуюць, што раненьне Аксаны Бесавай нескладанае. Ігару Фядосенку пашанцавала менш: у яго пералом нагі. Выбуховае прыстасаваньне было “начыненае” цьвікамі ды іншымі дробнымі мэталёвымі прадметамі, і жалезны шрубок расшчапіў костку ніжэй калена.

Абодва пацярпелыя кажуць, што ў момант выбуху нічога не пасьпелі ўсьвядоміць, і з журналістамі кантактуюць неахвотна. Спадарыня Аксана адмовілася фатаграфавацца, а Ігар заўважыў, што нічога падобнага ў родным горадзе ня мог сабе нават уявіць.

Учора з вуснаў віцебскіх мінакоў даволі часта гучала слова “тэракт”.

Сёньня ў часе сустрэчы зь віцебскімі журналістамі начальнік папярэдняга расьсьледаваньня абласное міліцэйскае ўправы Аляксандар Бедункевіч падкрэсьліў, што выбух на скрыжаваньні вуліцы Леніна і праспэкту Фрунзэ варта вызначаць як факт злоснага хуліганства.

Завялі крымінальную справу, але вінаватых пакуль не знайшлі. Праз сродкі масавае інфармацыі міліцыянты мяркуюць зьвярнуцца да жыхароў гораду з просьбай паведаміць пра ўсіх падазроных асобаў, заўважаных імі ўчора ў раёне летняга амфітэатру, пляцу Волі ды прылеглых вуліцаў.
XS
SM
MD
LG