Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навошта Лукашэнка надаў сабе судовыя функцыі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 14 верасьня). Удзельнікі: былы сябра Канстытуцыйнага суду Беларусі прафэсар Міхаіл Пастухоў і юрыст Сяргей Балыкін.

(Валер Карбалевіч: ) “У Беларусі даўно ўжо стала звыклаю справаю, увайшло ў палітычнае жыцьцё тое, што кіраўнік дзяржавы ўзяў на сябе заканадаўчыя функцыі, якія ў дэмакратычнай краіне можа выконваць толькі парлямэнт. Лукашэнка выдае дэкрэты і ўказы, якія замяняюць законы і ў герархіі заканадаўчых актаў зьяўляюцца вышэйшымі за законы.

І вось цяпер Лукашэнка імкнецца ўзяць на сябе судовыя функцыі. Паводле ўказу №426 ад 12 верасьня, кіраўнік дзяржавы надзяляе сябе правам вызваляць людзей ад крымінальнай адказнасьці за эканамічныя злачынствы. Колькі гадоў таму Лукашэнка ўжо рабіў спробу ўзяць на сябе судовыя функцыі. Маецца на ўвазе вядомы дэкрэт №40, які прадугледжваў права прэзыдэнта на пазасудовую канфіскацыю маёмасьці. Але пазьней ён быў адменены. Як новы ўказ выглядае з гледзішча права?”

(Міхаіл Пастухоў: ) “Я згодны з тым, што дадзены ўказ ёсьць фактычна ўмяшаньнем кіраўніка дзяржавы ў дзеяньні судовай улады. Фактычна ён бярэ на сябе частку судовых паўнамоцтваў. Заўсёды менавіта справай суду лічылася пакараньне альбо вызваленьне ад пакараньня. У дадзеным выпадку кіраўнік дзяржавы бярэ на сябе права вызваляць ад адказнасьці асобаў, якія абвінавачваюцца ў злачынствах супраць маёмасьці, калі яны раскаюцца і згодзяцца добраахвотна кампэнсаваць страты, якія яны прынесьлі.

Калі кіраўнік дзяржавы бярэ на сябе функцыі суду, то гэта зьяўляецца парушэньнем прынцыпу падзелу ўладаў, парушэньнем артыкулаў Канстытуцыі, якія замацоўваюць выключнае права судоў вяршыць правасудзьдзе і не прадугледжваюць ніякіх надзвычайных органаў, якія могуць браць на сябе судовыя паўнамоцтвы. Такой сытуацыі няма ні ў адной краіне Эўропы”.

(Сяргей Балыкін: ) “Гэты ўказ сапраўды парушае прынцып падзелу ўладаў. Так было некалькі стагодзьдзяў таму. Тады гаспадар дзяржавы, яе кіраўнік быў і законатворцам, і выканаўцам, і судзьдзём. Гэта азначае, што нашая дзяржава вельмі неразьвітая, яна кіруецца прынцыпамі кіраваньня, якія існавалі стагодзьдзі таму. На жаль, нашае грамадзтва не пратэстуе супраць таго, што Лукашэнка бярэ на сябе ўсё больш паўнамоцтваў. Прынцып падзелу ўладаў і прынцып ажыцьцяўленьня правасудзьдзя толькі судом сапраўды замацаваны Канстытуцыяй Беларусі. Калі разважаць чыста тэарэтычна, то Канстытуцыйны суд мог бы прызнаць гэты ўказ неканстытуцыйным. Але ж я ня ўпэўнены, што старшыня Канстытуцыйнага суду Васілевіч адважыцца на гэта”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікае пытаньне: які сэнс гэтых захадаў Лукашэнкі? Здавалася б, сёньня прэзыдэнцкая каманда поўнасьцю кантралюе суды. Безьліч прыкладаў, калі суды відавочна выконвалі палітычны заказ выканаўчай улады. Навошта Лукашэнку спатрэбіліся новыя правы? Вядома, што згаданы дэкрэт №40 быў прыняты для таго, каб канфіскаваць маёмасьць бізнэсоўца Лагвінца, то бок, быў сытуацыйным. Можа, і гэты ўказ таксама сытуацыйны, прыняты, напрыклад для таго, каб вызваліць ад адбыцьця пакараньня былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Жураўкову, якая асуджаная судом, але так і не апынулася ў месцах зьняволеньня?”

(Пастухоў: ) “Указ будзе прымяняцца вельмі выбарачна, пэрсанальна ў дачыненьні да тых ці іншых асобаў. Такі падыход увогуле цяпер характэрны для нашага правасудзьдзя. Цяпер суб’ектыўны падыход атрымае разьвіцьцё. Кіраўнік дзяржавы цяпер будзе судзьдзём, які зможа караць альбо дараваць індывідуальна. Асабліва дараваць будзе тым, хто зможа знайсьці грошы, каб пакрыць шкоду, якую яны прычынілі сваімі дзеяньнямі. Кіраўніку дзяржавы цяпер будзе належаць апошняе слова ў такіх сытуацыях.

Вядома, што адным з важных прынцыпаў правасудзьдзя зьяўляецца ўсебаковы, аб’ектыўны і поўны разгляд той ці іншай справы. У дадзеным выпадку прынцып аб’ектыўнасьці фактычна ігнаруецца. Яго замяняе суб’ектыўны падыход як да справы, так і да тых асобаў, якія будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Гэтая сытуацыя выгадная ня толькі для кіраўніка дзяржавы, але і для чыноўнікаў, адносна якіх будзе заведзеная крымінальная справа. Магчыма, важным чыньнікам будзе тое, ці зможа гэтая асоба вярнуць грошы, якія патрабуе сьледзтва. Зразумела, што лепей адкупіцца, чым адбываць пакараньне”.

(Карбалевіч: ) “Дык, можа, Беларусь ідзе да амэрыканскай сыстэмы права, то бок, абвінавачваны плаціць грошы і вызваляецца пад заклад?”

(Пастухоў: ) “Так, у ЗША вызваляюць пад заклад да суду. Але ж там усе пытаньні вырашае толькі суд. Пры гэтым суд можа і з-пад адказнасьці вызваліць. У нас такія выпадкі таксама ёсьць. Напрыклад, калі чалавек дае хабар, а потым добраахвотна пра гэта раскажа праваахоўным органам, то яго таксама вызваляюць ад адказнасьці. Альбо калі шпіён здае сакрэтную інфармацыю, раскайваецца, яго могуць вызваліць ад адказнасьці. Але ва ўсіх гэтых выпадках рашэньне павінен прымаць толькі суд. А прэзыдэнт мае права прымаць рашэньне аб памілаваньні асуджаных судом, праявіць гуманізм з улікам асобы чалавека, ягоных заслугаў, раскаяньня, кампэнсацыі прычыненых стратаў”.

(Балыкін: ) “Кажуць, што шмат улады не бывае. Калі ў чалавека ёсьць улада, ёсьць імкненьне гэтую ўладу пашырыць. Лукашэнка пасьпяхова робіць гэта ўжо на працягу адзінаццаці гадоў. Вось кіраўнік дзяржавы надаў сабе новыя паўнамоцтвы. Для чаго гэта зроблена? На мой погляд, гэта відавочна. Калі раней трэба было дамаўляцца з судзьдзём, то цяпер трэба дамаўляцца з кіраўніком дзяржавы. Цяпер нават фармальна толькі ён можа вырашыць: пасадзіць чалавека за краты ці вызваліць.

Я ня згодны з тым, што гэты ўказ прыняты дзеля таго, каб вызваліць Жураўкову. Цяпер ідзе шмат такіх справаў крымінальных. Я ведаю, такая справа ёсьць у Магілёве, іншых гарадах, калі злачынцы вяртаюць грошы і іх вызваляюць”.

(Карбалевіч: ) “Так, відавочна, што ва ўказе гаворка ідзе пра злачынствы, учыненыя дзяржаўнымі чыноўнікамі, гаспадарнікамі, бізнэсоўцамі. І сапраўды — мусіць, Лукашэнка хоча мацней прывязаць да сябе гэтыя сацыяльныя групы, зрабіць павадок яшчэ больш кароткім. А якія практычныя наступствы будзе мець гэты ўказ?”

(Пастухоў: ) “Узрасьце сваволя ўлады. Гэта значыць, што правасудзьдзе як такое будзе скасаванае. Кіраўнік дзяржавы будзе прымаць рашэньне пэрсанальна па справах, па якіх будуць праходзіць больш-менш вядомыя людзі. То бок, замест законнасьці будзе панаваць сваволя, суб’ектыўны падыход на найвышэйшым узроўні. Прычым, за злачынствы можна будзе адкупіцца грашыма. Гэтая сытуацыя выкліча адмоўны рэзананс у нашым грамадзтве, якое ўбачыць, што судовая ўлада ўвогуле не патрэбная. Гэта выкліча і міжнародны рэзананс. Эўропа яшчэ раз убачыць, што робіцца ў Беларусі”.

(Балыкін: ) “Гэты ўказ істотна нічога ня зьменіць. У нас і дагэтуль у сфэры правасудзьдзя існаваў такі цынічны прагматызм. Цяпер гэты прагматызм будзе нейкім чынам упарадкаваны, ажыцьцяўляцца асабіста кіраўніком дзяржавы. Я мяркую, што гэты ўказ быў выдадзены з той прычыны, што дзяржаве патрэбныя грошы. У свой час Берыя прапаноўваў вызваліць пэнсіянэраў і дзяцей з савецкіх канцлягераў, бо яны не маглі працаваць, а трымаць у лягерах толькі працаздольных людзей. Вось і цяпер Лукашэнка вырашыў, што навошта трымаць бізнэсоўцаў у зьняволеньні, карміць, паіць? Няхай яны аддадуць грошы і ідуць адсюль. Я ня думаю, што гэта выкліча нейкі рэзананс у нашай краіне. Народ гэта зьесьць, як ён зьеў шмат чаго”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, указ №426, які надзяляе кіраўніка дзяржавы судовымі функцыямі, сьведчыць пра тое, што Беларусь працягвае рухацца ў процілеглы бок ад прававой дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG