Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка распачаў барацьбу зь бюракратызмам


Ганна Соусь, Менск 15 верасьня апублікаваны ўказ прэзыдэнта аб удасканаленьні працы з грамадзянамі ў дзяржаўных арганізацыях, які ўводзіць гэтак званы прынцып “аднаго акна”. Мяркуецца, што наведнікам шматлікіх дзяржаўных установаў больш не давядзецца стаяць у чэргах па шматлікія даведкі — большую частку гэтай працы павінны будуць рабіць самі чыноўнікі. Юрыст Сяргей Альфер называе гэты ўказ чарговым папулісцкім крокам і адзначае, што амаль усе палажэньні гэтага дакумэнту ўжо замацаваныя ў беларускім заканадаўстве.

Як патлумачыла сутнасьць чарговага ўказу Лукашэнкі намесьніца кіраўніка ягонай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, гэта — рэальнае ўвядзеньне ва ўсёй дзяржаве прынцыпу “аднаго акна”. Плянуецца, што грамадзянам больш ня трэба будзе зьбіраць даведкі з розных установаў, гэтым павінны будуць займацца самі чыноўнікі, да якіх зьвяртаюцца грамадзяне. Паводле такога прынцыпу з чэрвеня ў Беларусі ўжо працуюць натарыяльныя канторы. Указам вызначаныя гэтаксама тэрміны выдачы даведак: пры неабходнасьці правядзеньня спэцыяльных праверак — ня больш за 15 каляндарных дзён, а ў выпадку запыту зьвестак і дакумэнтаў зь іншых дзяржаўных органаў — ня больш за месяц. Гэтаксама выдача даведак не павінна залежаць ад часовай адсутнасьці на працы адказнага работніка.

Я паспрабавала ўдакладніць пэўныя палажэньні ўказу ў дзяржаўна-прававым упраўленьні адміністрацыі прэзыдэнта, але там адмовілі ў камэнтары, параіўшы даслаць пытаньні ў пісьмовым выглядзе. Дарэчы, гэта тыповы прыклад рэакцыі дзяржаўных чыноўнікаў на зварот грамадзяніна.

Юрыст Сяргей Альфер, які раней узначальваў Цэнтар канстытуцыяналізму, адзначае, што пераважная большасьць палажэньняў указу ўжо прапісана ў беларускім заканадаўстве.

(Альфер: ) “Дарэчы, указ набывае моц ня сёньня, ня заўтра, не праз тыдзень, а толькі 1 студзеня 2006 году, і я лічу, што гэта перадвыбарчы ход — які я добры… Каб вы лепш з нашымі чыноўнікамі працавалі. Указ мае вельмі папулісцкі характар. У ім прапісаны ўсе тыя нормы, якія цяпер існуюць у дзейным заканадаўстве. За выключэньнем адной — цяпер даведка дзейнічае на працягу месяца, а будзе шэсьць і больш месяцаў. З другога боку, ва ўказе расьпісаны нарматыўна-прававыя акты — грамадзянска-працэсуальныя, крымінальна-працэсуальныя, заканадаўства аб зваротах грамадзян, натарыяльная дзейнасьць і гэтак далей, на якія ня дзейнічае гэты ўказ”.

Палітоляг Аляксандар Патупа гэтаксама зьвязвае зьяўленьне ўказу з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў.

(Патупа: ) “Мы ведаем, які цяпер час. Гэта падрыхтоўка да трэцяга тэрміну. Таму робяцца пэўныя папулісцкія крокі, каб насельніцтва мела карцінку добрых крокаў улады. У нашай краіне правапрымяненьне дамінуе над законаўтварэньнем. Як гэты ўказ прыменяць, так ён і будзе дзейнічаць”.
XS
SM
MD
LG