Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі Юрыя Захаранкі гавораць, што ім пагражае "сьмяротная небясьпека"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сям’я Юрыя Захаранкі тэрмінова выехала з Бэрліну. Паводле жонкі былога міністра ўнутраных справаў спадарыні Вольгі і яе дачок, ім пагражала “сьмяротная небясьпека”. Цяпер сям’я экс-міністра хаваецца ў адным з гарадкоў заходняй Нямеччыны і катэгарычна адмаўляцца ад размоваў з журналістамі.

Учора, калі я патэлефанаваў у бэрлінскую кватэру Захаранкаў, дык змог толькі даведацца, што яны вельмі напалоханыя, тэрмінова сабралі рэчы і ўжо стаяць на ганку, таму часу на размову няма. Яўген Мурашка – беларускі палітычны ўцякач, сябра БНФ, які жыве ў Нямеччыне, кажа, што Захаранкі патэлефанавалі да яго ўначы з аўторка на сераду і папрасілі дапамагчы як мага хутчэй выехаць з Бэрліну, бо іхнаму жыцьцю пагражае небясьпека. Спадар Мурашка перавёз іх на аўтамабілі ў адзін з гарадкоў у Заходняй Нямеччыны.

Паводле Яўгена Мурашкі, жонка і абедзьве дачкі Юрыя Захаранкі знаходзяцца ў стрэсавым стане, прымаюць заспакаяльныя лекі і адмаўляюцца гаварыць з журналістамі. У часе размовы са спадаром Мурашкам, у слухаўцы было чуваць словы “мы ня будзем ні зь кім размаўляць”, “маці ня будзе гаварыць, бо баіцца за дзяцей”. Вось фрагмэнт размовы.

(Мурашка: ) “Яны цяпер у такім стане, што ня здольныя гаварыць ні на якую тэму”

(Голас у слухаўцы дачкі Захаранкі - Юліі: ) “Скажыце, што яна (маці) ня будзе гаварыць, бо ў яе ёсьць дзеці”.

(Спадарыня Вольга Захаранка: ) “Я ня буду гаварыць.. ня трэба ніякіх карэспандэнтаў...”

Што ж змусіла сям’ю Захаранкаў тэрмінова пакінуць Бэрлін? Паводле Яўгена Мурашкі, які ўсю мінулую ноч размаўляў зь Вольгай, Аленай і Юліяй, Заранкаў запалохвалі беларускія спэцслужбы:

(Мурашка: ) “Мы прааналізавалі становішча і прыйшлі да высновы, што вядомыя і вам і нам людзі, плянамерна даводзілі да стану, каб яны сталі недзеяздольнымі. Выкарыстоўвалі ўсё і шантаж, і вымаганьне грошай і запалохваньне. Але гэта не бандыты, не рэкет, а спэцслужбы Беларусі”.

Яўген Мурашка кажа, што меркаваная мэта такіх захадаў – давесьці Вольгу, Алену і Юлію да такога стану, каб у выпадку магчымага судовага працэсу ў справе зьнікненьня Юрыя Захаранкі яны не змаглі ўзяць ў ім удзел.

(Мурашка: ) “Пад выглядам сяброў, прапановы дапамогі, іх цесным колам акружылі і плянамерна даводзілі да такога стану. Таму яны ў роспачы і нам патэлефанавалі і папрасілі, каб мы іх выратавалі. “Ратуйце, нас могуць забіць, мы можам да раніцы і не дажыць” – менавіта так яны казалі”.

Нямецкая паліцыя пра перасьлед сям’і Захаранкі ня ведае, бо Вольга, Юлія і Алена вырашылі туды не зьвяртацца, а адразу выехаць з Бэрліну. Паводле спадара Мурашкі, яны пакуль ня ведаюць, што будуць рабіць далей.

(Мурашка: ) “Ім цяпер вельмі патрэбная менавіта маральная дапамога. У іх цяпер вельмі цяжкі маральны дух”.
XS
SM
MD
LG