Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць у Гомелі наконт месца правядзеньня Кангрэсу дэмсілаў?


Казімер Яноўскі, Гомель “Дзе, на вашу думку, мэтазгодна праводзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў – у Беларусі ці за мяжою -- і ці варта разьлічваць на гарантыі беларускіх уладаў, якія абяцаюць спрыяць правядзеньню Кангрэсу”? Гэтыя пытаньні жыхарам Гомеля задаваў наш карэспандэнт.

(Жанчына:) “Першы раз чую, што ў Беларусі будзе такі кангрэс”.

(Хлапец:) “Я думаю, што лепей кангрэс праводзіць у Беларусі. Калі дазволілі, няхай тут праводзяць. Так і павінна быць”.

(Мужчына:) “Лепей, канечне, праводзіць у Беларусі. Гэта было б натуральна. Але так, як паводзяць сябе ўлады падчас сходаў па вылучэньні дэлегатаў, многія арганізатары ўжо былі ў судах, то ня варта давяраць уладам. Трэба рыхтавацца да правядзеньня кангрэсу за мяжою. Найлепей, мне здаецца, у Расеі”.

(Карэспандэнт:) “Дзе, на вашу думку, мэтазгодна праводзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў – у Беларусі ці за мяжою, і ці варта разьлічваць на гарантыі беларускіх уладаў, якія абяцаюць спрыяць правядзеньню Кангрэсу”?

(Хлапец:) “Трэба давяраць, але і, канечне, правяраць”.

(Хлапец:) “Няхай правядуць, а там паглядзім”.

(Мужчына:) “Уладам ня варта давяраць. Але кангрэс трэба лепей праводзіць у Беларусі. Калі кангрэс будзе праводзіцца за мяжою, то ўлады будуць вінаваціць апазыцыянэраў, што яны, маўляў, адарваліся ад народу, едуць за мяжу, каб выкарыстоўваць замежныя грошы”.

(Мужчына:) “Дэмакратычныя сілы Беларусі праводзяць кангрэс? Беларусі! У такім разе, трэба праводзіць кангрэс у Беларусі. Калі ўлады ідуць насустрач, трэба гэта выкарыстаць”.

(Мужчына:) “Праводзіць кангрэс у Беларусі? Гэта трэба яшчэ падумаць. Не магу сказаць адназначна. Могуць быць нейкія правакацыі. Прыедуць, напрыклад, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, і кангрэс можа розным чынам асьвятляцца, выкарыстоўвацца ўладамі. Павінен быць рэзэрвовы варыянт правядзеньня кангрэсу ў Расеі”.

(Мужчына:) “Мне цяжка сказаць, бо я не задумваюся над такімі пытаньнямі”.

(Студэнт:) “Я лічу, што трэба праводзіць кангрэс у нашай краіне. Калі гэта датычыць нашых падзеяў, то ён павінен быць у Беларусі”.

(Студэнт:) “На мой погляд, гэты кангрэс трэба правесьці ў нашай краіне, каб многія людзі маглі быць у курсе такой падзеі. Калі ён будзе праводзіцца за межамі нашай краіны, то нейкая частка насельніцтва ня зможа даведацца пра яго вынікі”.
XS
SM
MD
LG