Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча на “хіміі” наведаў нямецкі амбасадар


Любоў Лунёва, Менск Нямецкі амбасадар Марцін Хэкер і першы сакратар нямецкай амбасады Міхаэль Ёві 14 верасьня наведалі Міколу Статкевіча ў Баранавічах, дзе апазыцыйны палітык адбывае пакараньне абмежаваньнем свабоды за арганізацыю вулічных дэманстрацый 18 і 19 кастрычніка супраць фальшаваньня выбараў і рэфэрэндуму.

Амбасадар Марцін Хэкер і Міхаэль Ёві наведалі Міколу Статкевіча на працы на прадпрыемстве “Рэмбыттэхніка” і паразмаўлялі з дырэктарам прадпрыемтсва. Спадар Хэкер паглядзеў на рэчы, якія рамантаваў Мікола Статкевіч, і сказаў, што ў Нямеччыне такія рэчы папросту выкідваюць на сьметнік. Ён узгадаў, як у маладосьці рыхтаваўся стаць тэхнікам. Яго бацьку растралялі ў ГДР з-за палітычных перакананьняў і, таму ён ня мог разьлічваць на кар’еру дыплямата.

Мікола Статкевіч запрасіў спадароў Хэкера і Ёві на абед да свайго бацькі. Амбасадар, ведаючы пра матэрыяльнае становішча апазыцыйнага палітыка, у якога з вайсковай пэнсіі вылічваюць 50% грошай на кампэнсацыю штрафаў за ўдзел у вулічных акцыях, прывёз да стала прадукты. Марцін Хэкер перадаў лідэру сацыял-дэмакратаў ліст падтрымкі ад старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Франца Мюнтафэрынга.

(Статкевіч:) “спадар амбасадар заявіў, што ў Нямеччыне мяне падтрымліваюць, што яны не разумеюць, што адбылося вакол мяне, і што такімі дзеяньнямі беларукая ўлада заганяе сябе ў ізаляцыю. Тое, што яшчэ не заўважаюць за Ўзбэкістанам, нельга не заўважаць за краінай, якая знаходзіцца па суседзтву. Безумоўна, я вельмі ўдзячны. Для мяне гэта знак падтрымкі. Спадар Хэкер запэўніў мяне, што які б не быў новы ўрад у ФРГ, напрыклад, не ад партыі “зялёных”, а яшчэ адкуль, ад яго заўсёды будуць патрабаваць, каб ён наведваў Статкевіча і падтрымліваў яго.”

Супрацоўнікі спэцкамэндатуры і мясцовай міліцыі ведалі аб тым, што палітвязьня наведае нямецкі амбасадар, бо ён зьвярнуўся па дазвол у Камітэт выкананьня пакараньняў. Афіцыйна Мікола Статкевіч паведаміў адміністрацыі, што сустрэча адбудзецца ў часе перапынку на абед. Як толькі прадстаўнікі амбасады зьехалі, адміністрацыя запатрабавала ад апазыцыянэра пісьмовых тлумачэньняў.

(Статкевіч:) “Мяне ўжо чакаюць ва ўстанове, каб я даў тлумачэньні з нагоды майго спазьненьня з абеду, гэта пры тым, што я нават менш часу правёў на абедзе, чым належыць. Мяне вельмі зьдзіўляе стаўленьне да гасьцей Беларусі, амбасадараў іншых краінаў. Такое ўражаньне, што тут іх разглядаюць як ворагаў. Я думаю, што гэты факт могуць скарыстаць для вынясеньня нейкага спагнаньня з тым, каб забараніць мне, напрыклад, не толькі звальненьне ў Менск, а нават у межах Баранавічаў.”

Два тыдні таму супрацоўнікі менскай міліцыі папрасілі адміністрацыю спэцкамэндатуры не адпускаць Міколу Статкевіча ў Менск, матывуючы сваю просьбу тым, што яго прыезд дэстабілізуе апэратыўную абстаноўку ў сталіцы. Калі цяпер адміністрацыя зробіць заўвагу аб парушэньні правілаў унутранага распарадку, то пытаньне аб наведваньні сям’і будзе адкладзена на два месяцы.
XS
SM
MD
LG