Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як доўга ў Беларусі будзе танны бэнзін?


Юлія Шарова, Менск Сусьветныя цэны на нафту зноў могуць узьняцца – прыродныя катаклізмы ў Злучаных Штатах справакавалі новы энэргетычны крызыс. Шэраг нафтавых сьвідравінаў у пацярпелых ад урагану рэгіёнах давялося пакуль зачыніць. Эўропа ды Японія выкарыстоўваюць рэзэрвовыя запасы, спажыўцы адчулі істотнае павышэньне цэнаў. Ці закране новы крызыс беларускую эканоміку?

Беларускія кіроўцы ўжо рыхтуюцца да магчымага падвышэньня цэнаў на бэнзын і дызпаліва. Людзі, зь якімі я пагутарыла на адной са сталічных аўтазаправак, лічаць, што Расея ня будзе бясконца падтрымліваць Беларусь танным палівам і даволі хутка гэта можа скончыцца.

(Спадар:) Складанае пытаньне. Калі глядзець з аднаго боку, што Расея пачынае так файна паціху прасоўвацца, то няблага. А зь іншага боку, мне падаецца, усё адно нейкі балянс паміж тымі ды іншымі патрэбны.

(Іншы спадар:) Калі з Расеяй зусім не пасварацца, то будзе нармальна, а потым будзе горш.

(Кіроўца:) Трэба быць ужо гатовымі да таго, што нафтапрадукты будуць даражэць, нават у нас, нягледзячы на тое, што мы сябруем з Расеяй. Нават калі мы будзем завязаныя на дастаўцы нафты з такіх краінаў, як Саўдаўская Арабія. Нічога страшнага ў гэтым няма.

(Іншы кіроўца:) Пакуль грошы ёсьць, будзем плаціць. Калі ня стане грошай, тады ня будзем плаціць.

(Кіроўца таксоўкі:) Ня ведаю, колькі будзе цягнуцца. Можа год, калі пашэнціць.

Але эканаміст Леанід Заіка кажа, што наўрад ці варта чакаць вельмі рэзкага падвышэньня цэнаў на бэнзын і дызпаліва. Расея можа сабе дазволіць дастаўку ў Беларусь таннай нафты, а Беларусі зусім ня трэба даводзіць кошты на бэнзын да ўсясьветных. Нават калі здарыцца так, што цана расейскай нафты пойдзе ўверх, беларускія ўлады змогуць адрэгуляваць кошты ўнутры краіны шляхам зьніжэньня падатку на даданую вартасьць.

Хістаньні цэнаў нафты на беларускай эканоміцы зноў не адаб’юцца, лічыць Леанід Заіка. Мы па-ранейшаму будзем набываць у Расеі параўнальна танную нафту, перапрацоўваць яе й прадаваць на Захад нафтапрадукты. На гэтым Беларусь, паводле ацэнак эканаміста, зарабляе штогод каля 2 мільярдаў даляраў. Але ж можа здарыцца іншая рэч: імпартныя тавары падаражэюць, бо ўсясьветная эканоміка вымушана адрэагуе на падвышку коштаў на нафту. За гэтыя тавары давядзецца болей плаціць – Беларусі, якая перапрацоўвае нафту, а таксама Расеі, якая яе здабывае. Такім чынам Эўропа й ЗША можа нас зноў перайграць, лічыць эканаміст.

У далейшым падзеі могуць таксама разьвівацца не на карысьць Расеі й Беларусі – у сьвеце могуць занадта хутка вырашыць праблему нястачы нафты.

(Заіка:) Гэта падштурхне тэхналягічнае лобі, хайтэк лобі ў ЗША ды ў іншых краінах заняцца хутчэй распрацоўкай вадароднага рухавіка. Вось тады будзе самае цікавае й самае страшнае для Расеі, для OPEC і для ўсіх астатніх. Бо вадародны рухавік пакуль зьяўляецца больш-менш рэалістычнай формулай на дзесяць год наперад, але ён можа зьявіцца значна раней. Пасьля гэтага можна зачыняць нафтаздабычу.

Расейскія экспэрты, якія займаюцца пошукамі альтэрнатыўных стратэгіяў разьвіцьця для сваёй краіны, прызнаюць, што Расея не гатовая да такога тэхналягічнага перавароту, кажа Леанід Заіка. Яна толькі цяпер пачынае далучацца да міжнародных праектаў у сфэры распрацоўкі вадароднага рухавіка, каб не застацца ўбаку.
XS
SM
MD
LG