Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад прапануе вырашыць дэмаграфічны крызіс да 2010 году


Іна Студзінская, Менск Паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, у Беларусі зараз пражывае 9 мільёнаў 800 тысяч чалавек. А яшчэ дзесяць гадоў таму ў краіне было больш за 10 мільёнаў. Дакладней, 10 мільёнаў 177 тысяч чалавек. Прычым, высокія тэмпы скарачэньня колькасьці беларусаў не выратоўвае нават даволі высокае сальда міграцыі. Таму Савет Міністраў зараз разгледзіў на гэтым тыдні праект Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бясьпекі.

Паводле індэксу чалавечага разьвіцьця Беларусь займае сёлета 67-е месца са 177 (летась краіна была 62-й). І апусьцілася Беларусь на 5 пунктаў менавіта за пагаршэньня дэмаграфічнай сытуацыі – зьніжэньня нараджальнасьці, скарачэньня працягласьці жыцьця. Навуковы рэдактар Нацыянальнай справаздачы па чалавечым разьвіцьці прафэсар Уладзімер Шымаў нават выкарыстаў тэрмін “дэпапуляцыя”. Таму тэрмінова беларускі ўрад распрацаваў Нацыянальную праграму дэмаграфічнай бясьпекі.

Гэтая праграма, па задумцы яе стваральнікаў, павінна спыніць негатыўныя тэндэнцыі да 2010 году. Праўда, да таго, што нават калі праграма будзе цалкам выкананая і перавыкананая, ў Беларусі адбудзецца дэмаграфічны выбух, спецыялітсы ставяцца скептычна. Меркаваньне галоўнага акушэра-гінеколяга Міністэрства аховы здароўя Вольгі Перасады. (Перасада: ) “Тое, што да 2010 году мы палепшым усю дэмаграфію – гэта ўтопія. Цалкам па-іншаму падыходзіць да гэтага трэба, зусім не такі погляд і не такая пазыцыя павінна быць. Цалкам па-іншаму”. У Нацыянальнай праграме тры падразьдзелы. Першы - “Зьніжэньне заўчаснай сьмяротнасьці і павелічэньне працягласьці жыцьця”. Сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын у Беларусі – 63 гады, жанчын – 75 год (гэта гадоў на 10 менш, чым у разьвітых эўрапэйскіх краінах). У краіне высокая сьмяротнасьць: штогод памірае каля 140 тысяч чалавек, прычым, 17 тысяч – ад так званых зьнешніх прычын, то бок не ад хваробаў ці ўзросту (самагубствы, атручваньні алькаголем, няшчасныя выпадкі).

Другі разьдзел Нацыянальнай праграмы – “Стымуляваньне нараджальнасьці і ўмацаваньня сям’і”. Мяркуецца павялічыць агульны каэфіцыент нараджальнасьці да ўзроўню 9-10 дзяцей на 1000 насельніцтва. Звычайна мужчыны, асабліва якія знаходзяцца ва ўладзе і зацьвярджаюць падобныя праграмы, у дэмаграфічным спадзе вінавацяць жанчын – быццам бы тыя ня хочуць ражаць. Жанчыны ж скардзяцца на вельмі слабую сацыяльную абарону і проста сьмешную матар’яльную дапамогу… Мая суразмоўца – маці траіх дашкалят, самаму малодшаму – паўгады. (Эла: ) “На Стасіка, на малодшага даецца прыкладна 95 тысяч рублёў, плюс 45 тысяч – дапамога як шматдзетнай сям’і штомесяцовая. Гэта быццам і ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “А хаця б на памперсы, на дзіцячае харчаваньне гэтага хапае? Я не кажу ўжо пра адзеньне, нешта іншае?” (Эла: ) “Дапамогі штомесяцовай Стасіку хапае на 2 пакункі памперсаў. Ды сьмешна ўсё гэта. Калі ўлічыць, што я знаходжуся дома, у дэкрэтным адпачынку, то бок я не зарабляю, мы жывем фактычна на адзін заробак мужа. І на гэтым сядзяць 5 чалавек”. Калі дадаць да гэтага яшчэ заганную бюракрытычную сыстэму, то ня кожная жанчына яшчэ вытрымае, каб здабыць усе даведкі, пастаяць у шматлікіх чэргах па дапамогу. І зноў паслухаем шматдзетную маці спадарыню Элу. (Эла: ) “Дапамога насамрэч вельмі сьмешная. Акрамя таго, што яна вельмі маленькая, яе яшчэ не так проста атрымаць. Трэба столькі ўсялякіх даведак, трэба столькі выхадзіць, яшчэ знайсьці на гэта час. Ды яшчэ ў гэтых установах да нас ставяцца такім чынам, што быццам бы мы павінны быць удзячныя за тое, што нам плоцяць гэтыя капейкі. Ды сьмешна ўсё гэта. Безумоўна, гэта не пакрывае нічога”.

У 2010 годзе, паводле ўрадавай праграмы, беларусы павінны жыць у сярэднім 70 гадоў, на 1000 насельніцтва павінна нараджацца 10 дзяцей, паміраць да 12 чалавек на тысячу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG