Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Советская Белоруссия" назвала Лукашэнку "усемагутным"


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Нью-Ёрку сярод іншых лідэраў краінаў з трыбуны ААН выступіць Аляксандар Лукашэнка. Як мяркуецца, ён выкажа пазыцыю Беларусі па глябальных праблемах і вылучыць шэраг ініцыятываў. Заплянавана таксама каля дваццаці двухбаковых сустрэчаў А.Лукашэнкі і міністра замежных спраў Беларусі С. Мартынава ў рамках сэсіі Генасамблеі ААН. Як ставяцца да візыту А.Лукашэнкі ў Нью-Ёрк у Беларусі?

Дзяржаўная агенцыя БелТА паведамляе: "Аляксандар Лукашэнка накіраваўся з рабочым візытам у ЗША". Гэтаксама падаюць навіну іншыя афіцыйныя мэдыі. Іншы раз яны дадаюць: "для ўдзелу ў спэцыяльным пленарным пасяджэньні высокага ўзроўню 60-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН". Ніхто ня ставіць аднак пытаньне, ці будзе ў Лукашэнкі магчымасьць патрапіць за тэрыторыю ААН? Затое дзяржаўныя СМІ шырока рэклямуюць ініцыятывы афіцыйнага Менску. У дзень ад’езду А.Лукашэнкі ў ААН газэта “Советская Белоруссия” надрукавала вялікі артыкул прэзыдэнцкага ідэоляга і біёграфа кіраўніка краіны, пісьменьніка Эдуарда Скобелева. Ён дасьледуе ў артыкуле пытаньне: “ці ўсемагутны Аляксандар Лукашэнка?”

Спадар Скобелеў так адказвае на гэтае пытаньне: “Так, усемагутны, калі за ім народ і падтрымка народа”. Галоўны рэдактар часопісу прэзыдэнцкай адміністрацыі называе кіраўніка Беларусі “нястомным арганізатарам, дбайным гаспадаром, строгім судзьдзёй і міратворцам, таленавітым стратэгам-упраўленцам, які ўжо зрабіў сваё імя бесьсмяротным". А як успрымае Эдуард Скобелеў візыт А.Лукашэнкі ў ААН, ці лічыць ён сёньняшні заакіянскі ваяж прарывам “усемагутнага” на Захад?

(Скобелеў: ) “ Гэта натуральнае права Беларусі прысутнічаць на гэтым саміце, таму што Беларусь адна з заснавальніц ААН. Што значыць прарыў? Палітыка нашая такая, якой і была: палітыка справядлівасьці, роўнасьці, міру. Таму я ў нармальным кантэксьце ўсё гэта разглядаю. Так павінна быць”.

(Карэспандэнт: ) "А якое гэта будзе мець значэньне для Беларусі?"

(Скобелеў: ) “Я нічога надзвычайнага ў гэтым ня бачу. Візыт як візыт. Усялякі візыт важны. Гэта візыт дзяржаўнага дзеяча, тым больш у ААН, на такое мерапрыемства. Гэта вельмі важнае значэньне мае. Увогуле праца Генасамблеі магла б мець вельмі важнае значэньне для ўсяго сьвету. Можа, так і здарыцца. Прапановы, якія будуць унесены беларускім бокам, закранаюць сутнасьць сучаснага міжнароднага сьвету, і калі яны будуць ажыцьцёўлены, адбудзецца кардынальнае паляпшэньне”.

Падымаць імідж Лукашэнкі перад візытам у ААН узяўся і старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік. Ён заявіў, што ў 2006 годзе прэзыдэнтам краіны стане менавіта А.Лукашэнка, які, паводле спадара Козіка, "столькі зрабіў для людзей, для рабочага чалавека".

Афіцыйныя мэдыі, натуральна, выкладваюцца з усіх сілаў, каб паведаміць пра кожны крок А.Лукашэнкі ў ААН. Адначасова з сябрамі афіцыйнай дэлегацыі і суправаджэньнем (памочнікі, прэсавая й пратакольная службы, доктар, ахова) на прэзыдэнцкім Боінгу ў Нью-Ёрк вылецелі ажно 14 супрацоўнікаў шасьці дзяржаўных мэдыяў. Журналісты рэпрэзэнтуюць сталічнае тэлебачаньне, агенцыі “Інтэрфакс” і БелТа, другі нацыянальны тэлеканал, Белтэлерадыёкампанію, газэту “Советская Белоруссия”.

Разважае былы сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) "У той сытуацыі, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь і яе кіраўніцтва, якое само сябе старанна і вельмі актыўна ізалюе ад усяго сьвету, выхад на саміт у ААН, бясспрэчна, рэдкая магчымасьць, каб вакол гэтага ўзьняць даволі сур''ёзную прапагандысцкую кампанію. Для мяне тут няма нічога незвычайнага. Справа ў тым, што Беларусь (і ў гэтым няма ніякай заслугі сёньняшніх яе кіраўнікоў) сваёй крывёй, сваёй барацьбой з фашызмам заваявала права называцца ня толькі паўнамоцным прадстаўніком у ААН, а і нават заснавальнікам гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі. Паколькі ёй зараз 60 гадоў, такія гадавіны адзначаюцца сур''ёзна, шырока, то не запрасіць прадстаўнікоў Беларусі (прадстаўнікоў Беларусі, а не канкрэтных асобаў зь кіраўніцтва Беларусі), гэта немагчыма. Але ў гэтым я ня бачу ніякай палітыкі, ніякіх зьменаў у адносінах да Беларусі. Гэта зусім не прызнаньне заслуг сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі. Разумным людзям і дыпляматам гэта вельмі лёгка зразумець. Ну а выдаць за тое, чаго хочацца некаторым трубадурам нашай палітыкі, ну, сьмешна, гэта ўсё разьлічана на людзей недасьведчаных, вельмі легкаверных".
XS
SM
MD
LG