Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Нью-Ёрку правялі пікет на самым бачным месцы ля будынку ААН: "Belarus - YES! Lukashenka - NO!"


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк Актывісты беларускай дыяспары правялі акцыю пратэсту, прымеркаваную да прыезду Аляксандра Лукашэнкі на сэсію ААН.

Акцыя пачалася на 5-й авэню каля Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі. Вось што пра мэты акцыі сказаў старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

(Пазьняк: ) "Тутака сабралася 40-50 беларусаў са сьцягамі і плякатамі. Нашая мэта -- пайсьці да Арганізацыі аб''яднаных нацыяў са сьцягамі і плякатамі, засьведчыць, што Беларусь жыве, што беларусы за мяжой не прымаюць гэты рэжым, не прымаюць русыфікацыю, не прымаюць фальсыфікацыі, і што яны выступаюць за незалежную, вольную, свабодную Беларусь. Гэта асноўная мэта -- сьведчаньне, што Беларусь жыве і будзе жыць!"

Прадстаўнікі дыяспары прайшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі да будынку Арганізацыі Аб''яднаных нацыяў. Сярод плякатаў і лёзунгаў, якія трымалі дэманстранты: "Мы хочам свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай Беларусі!", "Спыніце дыктатуру Лукашэнкі!".

Адметнасьць сёньняшняй акцыі ў тым, што беларусам удалося заняць самае лепшае месца пікетаваньня - ўдзельнікі акцыі стаялі адразу ля агароджанага для прэсы і супрацоўнікаў ААН праходу. Усе, хто ішлі ў будынак ААН, праходзілі каля бел-чырвона-белых сьцягоў і чулі лёзунгі "Belarus - YES!, Lukashenka - NO!".

Прадстаўнікі беларускай дыяспары давалі інтэрвію тэле- і радыёжурналістам.

І яшчэ адна адметнасьць: сёньня асноўнымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту былі маладыя эмігранты.

Беларуская дэманстрацыя сёньня не адзіная ў Нью-Ёрку. У прыватнасьці, іранская, кубінская ды шэраг іншых дыяспараў таксама будуць ладзіць дэманстрацыі і пікеты пратэсту.

Гл. фотарэпатраж зь Нью-Ёрку
XS
SM
MD
LG