Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эльмар Броок: “Дэбаты па Беларусі сталі адкрытым абменам думак паміж эўрапарлямэнтарамі і Эўракамісіяй”


Алена Струвэ, Менск Кіраўнік Міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту Эльмар Броок назваў сёньняшнія дэбаты па Беларусі адкрытым абменам думак паміж дэпутатамі і кіраўніцтвам Эўразьвязу. Паводле нямецкага палітыка, чальца эўрапейскай Народнай партыі, дэпутаты, абмяркоўваючы пытаньне замежнага вяшчаньня на Беларусь, выставілі прадстаўнікам Эўракамісіі шэраг патрабаваньняў, з большасьцю якіх тыя пагадзіліся.

Вось што паведамілі “Свабодзе” у брусэльскім бюро спадара Броока.

(Сакратар: ) “Дарэчы, гэта быў вельмі адкрыты дыялёг. Мне зусім не падалося, каб у выніку хтосьці застаўся незадаволеным. Сябры міжнароднай парлямэнцкай камісіі запатрабавалі ад Эўракамісіі пільна адсочваць будучыя праграмы “Deutsche Welle” з тым, каб яны адпавядалі ўмовам тэндэру. Як вядома, згодна з умовамі тэндэру – я цяпер кажу пра тэндэр на 138 тысячаў эўра, які выйграла нямецкая станцыя – будучыя праграмы мусяць мець выключную беларускую спэцыфіку. Гэта зусім ня тое, што “Нямецкая хваля” рабіла дагэтуль, для расейскай аўдыторыі. Новыя перадачы будуць рабіцца адмыслова для жыхароў Беларусі. Тут будзе ўлічаная спэцыфіка Беларусі, а не Расеі ці Нямеччыны, нягледзячы на тое, што яны будуць рабіцца ў гэтай краіне. Другі момант, вельмі важны момант, які закранаўся сёньня, – мова вяшчаньня. У гэтым зьвязку прагучала шмат крытычных заўвагаў на адрас Эўракамісіі, бо тая ў часе абвяшчэньня тэндэраў настойвала на расейскай мове праектаў, зыходзячы з колькасьці расейскамоўных жыхароў Беларусі. Эўракамісія прыняла гэтае патрабаваньне. Будучыя праграмы будуць весьціся на дзьвюх мовах”.

Гаворачы пра другі, днямі абвешчаны тэндэр Эўракамісіі на 2 мільёны эўра, прадстаўнікі спадара Эльмара Броока запярэчылі меркаваньням, што гэтыя грошы абавязкова зноў жа дастануцца нямецкай “Deutsche Welle”, бо толькі гэтая радыёстанцыя мае магчымасьць адпавядаць умовам тэндэру. “Гэты тэндэр адкрыты для ўсіх. Калі невялікія радыёстанцыі на тэрыторыі Эўразьвязу аб’яднаюцца ў кансорцыюм, яны змогуць адпавядаць умовам конкурсу і ўдзельнічаць у ім,” – кажуць у бюро Эльмара Броока.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG