Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жодзінскі суд пачаў разгляд скаргі маладафронтаўца


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Жодзіне мясцовы суд пачаў разгляд скаргі актывіста “Маладога фронту” Сяргея Мурашкі на выключэньне яго з Жодзінскага палітэхнікума. Нагадаем, актывіст моладзевага руху да траўня сёлетняга году вучыўся тут на другім курсе, аднак пасьля ўдзелу ў апазыцыйнай чарнобыльскай акцыі ў Менску яго адлічылі з навучальнай установы.

Разглядала скаргу Сяргея Мурашкі судзьдзя Ала Паплеўка. Яна паведаміла, што былы навучэнец лічыць сваё выключэньне з тэхнікума неабгрунтаваным. Прычынай адлічэньня, як вынікае з загаду дырэктара, ёсьць шэраг вымоваў Мурашку, якія сталі наступствамі парушэньняў правілаў унутранага распарадку ўстановы. Аднак сам Сяржук лічыць, што сапраўдныя прычыны адлічэньня – іншыя:

(Мурашка: ) “Адлічылі мяне за маю палітычную актыўнасьць. Падставай стаў мой удзел у “Чарнобыльскім шляху”. Усе выкладчыкі казалі: мы разумеем, але ж нічога зрабіць не маглі. І зараз на судзе кажуць, што і дрэнна вучыўся, і тое, і гэта”.

Як высьветлілася на судовым паседжаньні, Сяржук Мурашка меў добрыя адзнакі. За гэта ён атрымліваў у політэхнікуме падвышаную стыпэндыю. Аднак, дырэктар установы Пётр Талерчык заявіў на судзе, што пры адлічэньні юнака ён кіраваўся іншым паказьнікам. Паводле ягоных словаў, выкладчыкі неаднаразова скардзіліся на яго недысцыплінаванасьць. Маўляў, Мурашка бяз важкіх прычынаў прапускаў заняткі, канфліктаваў з пэдагогамі. У якасьць сьведкаў Пётр Талерчык прывёў на суд групу выкладчыкаў. Аднак, калі судзьдзя папрасіла іх прыгадаць канкрэтныя факты парушэньняў, то большасьць адказвала гэтак жа, як выкладчык фізкультуры Алег Гарохаў:

(Гарохаў: ) “Я не памятаю, можа гэта было ў калідоры, дзе я ішоў. Можа я заходзіў да яго ў майстэрні альбо аўдыторыю. Я дакладна не памятаю. Можа гэта вуліцы, але я не катэгарычна сьцвярджаю. Рэч у тым, што вымова – гэта ідзе першае пакараньне пасьля гутаркі. Я не памятаю”.

Паколькі выкладчыкі політэхнікуму не памяталі шмат падрабязнасьцяў, зьвязаных з выключэньнем Мурашкі, судзьдзя папрасіла іх даць дадатковыя матэрыялы, а таксама выклікаць у якасьці сьведкаў шэраг навучэнцаў тэхнікуму, якія вучыліся разам з Мурашкам. Жодзінскі актывіст дэмакратычнага руху Аляксей Лапіцкі, які прысутнічаў на сёньняшнім судовым паседжаньні, пракамэнтаваў “справу Мурашкі” наступным чынам:

(Лапіцкі: ) “Палітычны складнік прысутнічае тут вельмі моцна. Бацькі былі вельмі зьдзіўленыя і абураныя, калі пасьля першай жа размовы з дырэктарам тэхнікума Талерчыкам яны даведаліся, што гэта зроблена на загад Міністэрства адукацыі. І што ён нічога не можа зрабіць. То бок, існуе неправамоцная сытуацыя– тэлефоннае права, загады, якія нідзе не рэгіструюцца. Як і ў выпадку абсалютна ненармальнай сыстэмы, якая існуе ў тэхнікуме. Там яны нават парушаюць свой унутраны распарадак і статут пры адлічэньні”.

Разгляд скаргі Сержука Мурашкі ў жодзінскім судзе прадоўжыцца 16 верасьня.

Нагадаем, выключэньне з Жодзінскага політэхнікума Сяржука Мурашкі спрычынілася ў траўні-чэрвені да галадоўкі пратэсту жодзінскіх актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Іх акцыя, мэтай якой было аднаўленьне актывіста “Маладога фронту” у якасьці навучэнца гэтай установы, доўжылася каля двух тыдняў.
XS
SM
MD
LG