Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты ў Магілёве затрымалі актывістаў апазыцыі на пахаваньні


Любоў Лунёва, Менск У Магілёве пахавалі першага сакратара абкама Партыі камуністаў беларускай і кіраўніка абласной стала дзейнай нарады дэмакратычных сілаў Уладзіміра Падаляна. У часе пахаваньня супрацоўнікі абласной міліцыі затрымалі старшыню Магілёўскай філіі БНФ Рыгора Кастусёва і старшыню праваабарончага цэнтру Барыса Бухеля. Міліцыянты паведамілі, што зрабілі гэта дзеля таго, каб не даць ім магчымасьці ўзяць удзел у грамадзянскай паніхідзе.

Актывістаў мясцовай апазыцыі затрымалі ў той момант, калі з пад’езду дома выносілі труну з целам Уладзіміра Падаляна. Міліцыянты адвялі Барыса Бухеля і Рыгора Кастусёва ў міліцэйскі аўтобус і трымалі там каля гадзіны. Гаворыць дырэктар магілёўскага праваабарончага цэнтру Ўладзімір Краўчанка:

(Краўчанка:) “Маёр міліцыі Пётр Шашкоў загадаў супрацоўнікам міліцыі затрымаць Барыса Бухеля і Рыгора Кастусёва. У аўтобусе ім паведамілі, што будуць трымаць, пакуль не скончыцца паніхіда, каб не даць ім магчымасьці выступіць на могілках. Была раней дамова, каб яны выступілі ад імя грамадзкіх арганізацый. Іх затрымалі менавіта дзеля таго, каб пазьбегнуць гэтых выступаў. Яны будуць скардзіцца ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў.”

На пахаваньні Ўладзіміра Падаляна было некалькі дзесяткаў чалавек. Не толькі сябры яго партыі, але й прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый. Уладзімір Падалян працаваў намесьнікам дырэктара абласнога ліцэю. Летась яго звольнілі з працы – на наступны дзень пасьля парлямэнцкіх выбараў. Але ён не спыніў сваю грамадзкую дзейнасьць. Уладзіміра Падаляна абралі кіраўніком абласной нарады дэмакратычных сіл. Старшыня ПКБ Сяргей Калякін, які прысутнічаў на пахаваньні свайго сябра, дзеяньні міліцыянтаў назваў ганебнымі.

(Калякін:) “Тое, што сёньня адбывалася ў часе пахаваньня Ўладзімера Фядотавіча Падаляна, ёсьць сьведчаньнем таго, што цяперашні рэжым аганізуе. Калі яны ідуць на тое, каб ня даць людзям разьвітацца з чалавекам, калі робяцца перашкоды, каб пахаваньне адбылося па-людзку, то гэта сьведчыць аб тым, што ўлада страціла апошні сорам, страціла апошнюю прыстойнасьць. Гэта ўлада ня мае ніякага маральнага права далей існаваць”.

Сяргей Калякін паведаміў Радыё Свабода, што партыя зьвернецца ў пракуратуру, каб там ужылі меры рэагаваньня супраць міліцыянтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG