Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юшчанка зьвінаваціў Цімашэнку ў злоўжываньні пасадай прэм’ера


Сьвятлана Курс, Прага Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка зьвінаваціў Юлію Цімашэнку, сваю паплечніцу па Аранжавай рэвалюцыі, у злоўжываньні пасадай прэм’ер-міністра. Юшчанка заявіў, што адхіленьне кабінэту міністраў было “справай гонару”. Цімашэнка ж заяўляе, што Юшчанка спалохаўся яе папулярнасьці. Былая прэм’ер-міністарка хоча абірацца ў парлямэнт.

Учора Юшчанка зьвярнуўся да Цімашэнкі са словамі “Вярніцеся да ідэалаў Аранжавай рэвалюцыі, я буду вітаць Вашае вяртаньне ва ўрад”. Аднак Цімашэнка лічыць, што якраз Юшчанка здрадзіў ідэалам. Сьветлавалосая прынцэса рэвалюцыі абвясьціла Віктара Юшчанку маральным банкрутам. Маўляў, прэзыдэнцкая каманда зьмяніла адну кампанію карумпаваных магнатаў на другую. Чаму Юшчанка спыніў перагляд незаконнай прыватызацыі часоў Кучмы? Калі ягоны былы начальнік штабу, Аляксандар Зінчанка, сышоў у адстаўку, зьвінаваціўшы прэзыдэнцкую каманду ў карупцыі, Юшчанка запатрабаваў доказаў.

(Юшчанка: ) "Усе павінныя быць адказнымі; і тыя, хто робяць такія заявы, мусяць дапамагаць праваахоўным органам устанавіць ісьціну. Калі яны сапраўды маюць факты, а не займаюцца папулізмам, варта было б перадаць факты пэўным праваахоўным органам”.

Юшчанка ў сваю чаргу зьвінаваціў Цімашэнку ў тым, што яна скарысталася пасадай прэм’ера, каб сьпісаць запазычанасьці ў 1,5 млрд. даляраў кампаніі “Аб’яднаныя энэргетычныя сыстэмы”, якую яна й яе муж ачольвалі ў 1990-х. Шмат хто зьдзівіўся, чаму Юшчанка падняў пытаньне пра кампанію Цімашэнкі цяпер, а не тады, калі прапаноўваў ёй стаць прэм’ерам. Аскольд Крушальніцкі, брытанскі журналіст, які піша кнігу пра гісторыю Аранжавай рэвалюцыі, лічыць, што сапраўдная прычына – ідэалягічная спрэчка аб эканамічнай палітыцы.

(Крушальніцкі: ) "Праблема перапрыватызацыі – вось што ляжыць у аснове супярэчнасьці. Нават напрыканцы выбараў летась, калі яны яшчэ ня мелі ўлады, Юшчанка сказаў, што не вітае перапрыватызацыю. А Цімашэнка ясна дала зразумець, што хацела б перагледзець каля 3 тысяч актаў прыватызацыі, якія прайшлі пры Кучму”.

Таму ня дзіўна, што Юшчанка на гэтым тыдні так пасьпешліва заявіў, што прыватная ўласнасьць – сьвятыня і ніякай перапрыватызацыі ня будзе. Гэта добрая навіна для алігархаў, буйных магнатаў, якія ўзялі непасрэдны ўдзел у непразрыстай прыватызацыі дзяржаўных актываў у часы Кучмы. Ці азначае гэта, што Юшчанка зьменіцца і ў палітычным пляне? Крушальніцкі лічыць, што не.

(Крушальніцкі:) "Юшчанка ведае, што адзіная надзея на рэальныя зьмены – рэфармаваньне эканомікі. Ён вінаваціць Цімашэнку ў тым, што яна перасьледуе папулісцкія мэты. Эканоміка знаходзіцца ў цэнтры ўсяго праекту Юшчанкі – зьбліжэньне з Эўразьвязам і ўваходжаньне ў Усясьветную гандлёвую арганізацыю. Вось што прымушае Юшчанку дзейнічаць – больш, чым адносіны з алігархамі”.

Юлія Цімашэнка абвясьціла, што возьме ўдзел у сакавіцкіх парлямэнцкіх выбарах і будзе апанэнткаю былога паплечніка. Ад наступнага году мае адбыцца рэформа ўлады, калі некаторыя паўнамоцтвы прэзыдэнта пяройдуць да парлямэнта і прэм’ера. Тады Юшчанка вымушаны будзе шукаць новых саюзьнікаў, каб стрымліваць Цімашэнку. Алігархі будуць назіраць за гэтым зь вялікай цікавасьцю.
XS
SM
MD
LG