Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што сталася з кіраўніком “Джэм-банку” Сяргеем Блізьнюком?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прэсавая служба “Джэм-банку” паведаміла, што ў Менску быў затрыманы выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара “Джэм-банку” Сяргей Блізьнюк. Супраць яго нібыта заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу аб злоўжываньні службовым становішчам.

Зьвесткі пра затрыманьне банкіра Сяргея Блізьнюка, якія зьявіліся ў інтэрнэце на сайце “Джэм-банку”, пакуль не камэнтуюць у праваахоўных ведамствах Беларусі. Аднак рэагуюць на гэтую інфармацыю ўсё ж па-рознаму. У прэсавых службах пракуратуры, МУС і КДБ мне заявілі, што арышт такой асобы ў зводках за мінулыя дні ня значыцца. А вось у Камітэце дзяржкантролю, сьледчыя якога вядуць справу “Джэм-банку”, адказалі, што “не камэнтуюць зьвестак”. Пацьвердзіць ці абвергнуць затрыманьне Блізьнюка там адмовіліся.

Гэта нагадвае падзеі вакол затрыманьня генэральнага дырэктара “Джэм-банку” Аляксандра Татарынцава. Яго арыштавалі напачатку жніўня паводле пастановы сьледчых дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК і таксама пэўны час не камэнтавалі зьвестак зь неафіцыйных крыніцаў.

Паводле прэсавай службы “Джэм-банку”, Сяргея Блізьнюка абвінавачваюць у перавышэньні паўнамоцтваў, якое ён учыніў, падпісаўшы шэраг дакумэнтаў, што супярэчылі загаду Нацыянальнага банку. Вынікам гэтага магло стаць тое, што з рахункаў банку зьніклі некалькіх мільёнаў даляраў. Між тым, яшчэ 8 жніўня Нацбанк Беларусі прыпыніў ліцэнзію “Джэм-банку” на шэраг банкаўскіх апэрацыяў. У “Джэм-банку”, аднак, з гэтымі прэтэнзіямі да Сяргея Блізьнюка ня згодныя. Там кажуць, што дзеяньні, якія дазволіў Блізьнюк сваімі подпісамі, ня ёсьць банкаўскімі апэрацыямі. У прэс-рэлізе банку з нагоды затрыманьня Сяргея Блізьнюка заяўляюць, што крымінальная справа супраць яго заведзеная “паводле абсалютна надуманых падставаў”.

Варта нагадаць, што ўжо больш за месяц калектыў “Джэм-банку” вядзе інфармацыйную барацьбу са сьледчымі Камітэту дзяржкантролю, іх абвінавачваюць у несанкцыянаваным ператрусе, а іх кіраўнікоў — ва ўвядзеньні ў зман Аляксандра Лукашэнкі. У банку нават заяўлялі, што наступ на банк ёсьць часткай змовы супраць кіраўніка дзяржавы. Кіраўніцтва Камітэту дзяржкантролю дагэтуль не камэнтавала гэтых абвінавачаньняў.

Што стала прычынай наступу на “Джэм-банк”?

Эканаміст Яраслаў Раманчук ня чуў пра прэтэнзіі да банку з боку ягоных кліентаў. Эканаміст заўважае, што банк пераводзіў зь безнаяўных у наяўныя вялікія сумы грошай ды даваў крэдыты на канфідэнцыйных умовах, што магло не спадабацца Нацыянальнаму банку.

(Раманчук: ) “Мяркую, ідзе перадзел фінансавага рынку пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу. Калі ўжо ўзяліся за гэты банк, то, мяркую, яго не адпусьцяць і давядуць справу да таго, што яго купіць альбо расейская, альбо нейкая іншая структура. На мой погляд, парушылі правы кліентаў банку і ягоных уласьнікаў, а ўсім яшчэ раз паказалі, што правы ўласьніка ў Беларусі не шануюць”.

Генэральнага дырэктара “Джэм-банку” Аляксандра Татарынцава ўтрымліваюць у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Дзе знаходзіцца Сяргей Блізьнюк, невядома.

З 1999 году ў Беларусі рэгулярна арыштоўваюць банкіраў. За кратамі пабывалі Тамара Віньнікава, Міхаіл Чыгір, Уладзімер Хілько, Мікалай Ракаў. Цяпер у месцах зьняволеньня знаходзіцца былы кіраўнік “Менсккомплексбанку” Яўген Краўцоў.
XS
SM
MD
LG