Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы карэспандэнта газэты “Салідарнасьць” Івана Романа. Яго абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванага прафсаюзу.

Заяву ў міліцыю на Івана Романа напісаў кіраўнік аховы заводу аўтаагрэгатаў Уладзімір Малаткоў. Маўляў, 23 жніўня той распаўсюджваў сярод рабочых бюлетэнь незарэгістраванага прафсаюзу РЭПАМ — радыёэлектроннай прамысловасьці, аўтамабілебудаваньня і мэталаапрацоўкі. Іван Роман зазначае, што ў яго была з сабой толькі газэта “Салідарнасьць”, а па-другое, ён належыць да прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці — РЭП, а РЭПАМ сапраўды летась быў зьліквідаваны. На суд у Горадню прыяжджаў старшыня РЭПу Генадзь Фядыніч.

(Фядыніч:) “Я хачу сказаць, што каб існавала кніга Гінэса абсурдаў, то гэтая заява магла б там апынуцца. Таму што Роман дзейнічае тут як сябра прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, прафсаюз зарэгістраваны, мае статут і пасьведчаньне аб рэгістрацыі”.

Напачатку паседжаньня прадстаўнік Ленінскага райаддзелу міліцыі папрасіў судзьдзю Натальлю Козел адкласьці разгляд справы, бо адсутнічала адна сьведка — ахоўніца з заводу аўтаагрэгатаў. Наступным разам суд зьбярэцца 20 верасьня.
XS
SM
MD
LG