Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэвіч адмовіўся ад змаганьня за пасаду прэзыдэнта Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Уладзімеж Цімашэвіч - сьпікер польcкага парлямэнту, былы прэм’ер-міністар і мініcтар замежных справаў Польшчы, а таксама кандыдат на пасаду прэзыдэнта, нечакана адмовіўся ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта азначае, што польскія левыя фактычна згубілі апошні шанец на дзейную прысутнасьць ва ўладзе ў Польшчы на найбліжэйшыя 4 гады, бо наступны польскі ўрад таксама найхутчэй будзе правым.

У часе адмысловай прэсавай канфэрэнцыі Уладзімеж Цімашэвіч заявіў, што ня можа пагадзіцца на мэтады палітычнай барацьбы, якімі карыстаюцца ягоныя праціўнікі – ману, чорную прапаганду, фальшывыя абвінавачаньні, асабліва на адрас ягонай сям’і, і таму, каб “ня быць часткай гэтага”, адмаўляецца ад удзелу ў выбарах і ўвогуле зыходзіць з палітыкі.

(Цімашэвіч: ) “З-за павагі да тых, хто мяне падтрымлівае, я не буду даваць ніякіх парадаў, за каго ім цяпер галасаваць. Аднак прызнаюся адкрыта, што сярод кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта ня бачу асобы, годнай гэтай пасады”.

Паводле сацыёляга Робэрта Собеха, большасьць прыхільнікаў Уладзімежа Цімашэвіча прагаласуюць за Дональда Туска – цяперашняга лідэра прэзыдэнцкай гонкі.

(Собех: ) “Імідж Туска найбольш блізкі іміджу кандыдата, які будзе выконваць функцыі прэзыдэнта незалежна ад палітычных падзелаў. Тыя, хто хацелі такога прэзыдэнта, раней зьбіраліся галасаваць за Цімашэвіча”.

Уладзімеж Цімашэвіч яшчэ раней заяўляў пра намер сысьці з палітыкі, але пасьля шматлікіх заклікаў, у тым ліку і ад прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага не рабіць гэтага, ён пагадзіўся ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, адразу апынуўся на першым месцы ў рэйтынгах, але потым апусьціўся на трэцюю пазыцыю з 18-ці працэнтанай падтрымкай.

Некаторыя назіральнікі лічаць, што менавіта адсутнасьць шансаў на перамогу ёсьць сапраўднай прычынай цяперашняга кроку Цімашэвіча.
XS
SM
MD
LG