Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дасьледчык жыцьця Лукашэнкі сьцьвярджае, што той быў фэрмэрам (фота)


Ігар Карней, Менск На ўзгадненьні ў Міністэрстве інфармацыі знаходзіцца праца музэйнага супрацоўніка Міколы Жыгоцкага “Жыцьцё для народу”, прысьвечаная Аляксандру Лукашэнку. З улікам, што рукапіс накіраваны туды пасьля адпаведнага вывучэньня ў адміністрацыі прэзыдэнта, а станоўчую рэцэнзію працы далі ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту, то, як спадзяецца аўтар, неўзабаве кніга зьявіцца ў продажы. Дзяржаўную замову мяркуецца аформіць праз выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

74-гадовы супрацоўнік літаратурнага музэю Якуба Коласа Мікола Жыгоцкі сьцьвярджае, што ўзяўся за напісаньне кнігі зь зямляцкіх памкненьняў — як і кіраўнік краіны, ён таксама са Шклоўшчыны.

(Жыгоцкі: ) “Паколькі мы землякі, то захацелася лепш даведацца яго біяграфію. Пачаў па крупінках зьбіраць матэрыялы, пайшоў у бібліятэку; потым паехаў у Александрыю, на ягоную радзіму, там сустрэўся зь землякамі, з жонкай Галінай Радзівонаўнай. І вось так усё пашыраўся гэты матэрыял, пакуль не перарос у цэлую кніжку. Гэта чыста дакумэнтальны нарыс пра 10-гадовую грамадзкую і дзяржаўную дзейнасьць Аляксандра Рыгоравіча”.

Гэта ўжо ня першая падобная праца Міколы Жыгоцкага. У 1997 годзе выйшла кніга пад назвай “Аляксандар Лукашэнка. Першы прэзыдэнт Беларусі”. Адзін з асобнікаў падпісаў аўтару галоўны герой, Аляксандар Лукашэнка. Адрозна ад таго выданьня, якое больш нагадвала стэнаграму тэлевізійных справаздачаў аб першых гадах прэзыдэнцтва, цяперашняе дасьледаваньне “ачалавечанае” — у тэкст уведзеныя сямейныя старонкі з жыцьця прэзыдэнта. Сам аўтар мяркуе, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў такая кніга будзе вельмі запатрабаваная.

(Жыгоцкі: ) “Хутка ж перавыбары, дык, можа, да гэтага часу надрукуем. Цяпер яна знаходзіцца ў Міністэрстве інфармацыі. Для выданьня патрэбныя грошы — мяркую, мільёнаў 20 рублёў трэба, каб выдаткавалі. Наклад напачатку можа і ня вельмі вялікі будзе, але тысяч пяць мінімум пляную. Здымкі каб былі абавязкова, партрэт на вокладцы. Трэба было б, каб і сам прэзыдэнт паглядзеў, сказаў сваё важкае слова. Але дайсьці да яго цяжкавата, і ў гэтым асноўная перашкода. Таму і з выданьнем ня так проста”.

Нягледзячы на скаргі аўтара, ёсьць зьвесткі, што “Беларусбанк” ужо паабяцаў неабмежаваную фундацыю выданьню. Маўляў, для такой справы не павінна быць фінансавых рамак. У аўтара, у сваю чаргу, запытваю: якія невядомыя раней старонкі з жыцьця прэзыдэнта яму ўдалося раскапаць?

(Жыгоцкі: ) “У школе сваёй ён працаваў настаўнікам ня толькі гісторыі, але і геаграфіі. Мала хто ведае, што на Шклоўшчыне нейкі час быў фэрмэрам, гэта ўжо як пайшоў у сельскую гаспадарку. Арэндны мэтад вельмі папулярызаваў, чытаў на гэтую тэму лекцыі. Праўда, цяпер ён асабліва гэтым шляхам не пайшоў... Былі і вымовы па партыйнай лініі, у прыватнасьці, калі здарылася сутычка з мэханізатарам: у гарачую пару кожны мэханізатар на ўліку, а той выпіў. Дык Лукашэнка крыху яго пашкамутаў. Часам і такое бывае, усё ж гэта жыцьцёва”.

(Карэспандэнт: ) “А ў турме ён усё ж працаваў ці не?”

(Жыгоцкі: ) “Ёсьць такія зьвесткі, так. Працаваў і там таксама”.

(Карэспандэнт: ) “Старонка, якая застаецца ў пэўным сэнсе закрытай, тычыцца бацькі Аляксандра Рыгоравіча…”

(Жыгоцкі: ) “Была і гэтая тэма. Я пазнаёміўся з Марыяй Кульпінавай, жыхаркай Александрыі, якая прымала роды і ў маці Лукашэнкі, і ў ягонай жонкі. І яна мне гаварыла: бацька ў яго быў беларус. Дый сам Аляксандар Рыгоравіч неаднойчы казаў, што бацька яго беларус. Праўда, дакумэнтаў я не знайшоў, і чаму прозьвішча засталося па маці — ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы лічыце, у сьвеце асуджаюць такі лад жыцьця, калі прэзыдэнт не жыве з жонкай, на людзях зь ёй не паказваецца. Прэзыдэнты ж павінны быць прыкладам для сваіх грамадзянаў…”

(Жыгоцкі: ) “Гэта правільна, так, маральны аспэкт тут ёсьць. Але так неяк яны дамовіліся з Галінай Радзівонаўнай. Хоць яна мне колісь казала: гэта ўсё часова, усё будзе наладжана і адрэгулюецца”.

Мікола Жыгоцкі не хавае, што ягоную творчасьць ня ўсе ўспрымаюць адназначна. Аднак ён перакананы, што падсумаваць першае дзесяцігодзьдзе прэзыдэнта некаму неабходна — як ні круці, а ўсе дзеяньні Лукашэнкі застануцца ў гісторыі.



На фота: у перапынку паміж напісаньнем кніг Мікола Жыгоцкі выконвае абавязкі старшыні дачнага каапэратыву “Ўзгор’е-1” .
XS
SM
MD
LG