Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Economist": найлепшая сыстэма вышэйшай адукацыі – у ЗША


Кастусь Бандарук, Прага Паводле брытанскага часопісу "Economist", Злучаныя Штаты Амэрыкі маюць найлепшую ў сьвеце сыстэму вышэйшай адукацыі. Прычыны эфэктыўнасьці гэтай сыстэмы ня проста ў добрай арганізацыі і вялікім фінансаваньні, але і ў тым, што ў Амэрыцы існуе своеасаблівы культ асьветы...

Сярод асноўных крытэрыяў якасьці вышэйшых навучальных установаў Інстытут Вышэйшай Адукацыі Шанхайскага ўнівэрсытэту называе такія аб’ектыўныя чыньнікі, як колькасьць ляўрэатаў Нобэлеўскіх прэміяў і артыкулаў ў навуковых часопісах. Зь ліку 20 найлепшых у сьвеце ўнівэрсытэтаў 17 знаходзяцца ў ЗША, а зь ліку 50-ці - 35-амэрыканскія вучэльні. У амэрыканскіх унівэрсытэтах працуюць 70% усіх ляўрэатаў Нобэлеўскіх прэміяў. Яны зьяўляюцца аўтарамі 30% усіх навуковых публікацыяў у сьвеце. Траціна выпускнікоў сярэдніх школаў у ЗША працягваюць вучобу ў каледжах і ўнівэрсытэтах. У Амэрыцы 50% студэнтаў ва ўзросьце 25-ці і болей гадоў.

У чым прычына гэтага посьпеху? Паводле "Economist", адна з прычынаў - гэта заможнасьць краіны. Амэрыка выдаткоўвае штогод на аднаго студэнта 22 тысячы даляраў - удвая болей, чым іншыя разьвітыя краіны. Выпускнікі ўнівэрсытэтаў і розныя філянтропы традыцыйна фінансуюць свае ўнівэрсытэты.

Амэрыканцы заўсёды надавалі адукацыі вялікае значэньне. Выхадцы з Эўропы заснавалі Гарвардзкі ўнівэрсытэт ужо ў 1636 годзе, праз 20 гадоў пасьля прыбыцьця ў Амэрыку.

Яшчэ адна прычына посьпеху - добрая арганізацыя. Фэдэральны ўрад адыгрывае невялікую ролю ў сыстэме адукацыі. У ЗША навукоўцы не займаюць дзяржаўных пасадаў, як гэта практыкуецца ў Нямеччыне і ў Францыі. Затое ўнівэрсытэты маюць шырокае кола ахвярадаўцаў, прозьвішчамі якіх названыя некаторыя ўнівэрсытэты, напрыклад, Унівэрсытэт Джона Гопкінса, Эзры Карнэла альбо Джона Ракфэлера. У мінулым годзе ахвяраваньні прыватных донараў склалі больш як 24 мільярды даляраў.

Абмежаваная роля дзяржавы ў сыстэме вышэйшай адукацыі не азначае яе поўнай абыякавасьці. У адпаведнасьці з законам 1862 году, унівэрсытэты атрымліваюць ад дзяржавы зямельныя надзелы. Паасобныя штаты падтрымліваюць незаможныя каледжы. Фэдэральны ўрад выдаткоўвае штогод мільярды даляраў на навуковыя дасьледаваньні. Паводле закону 1946 году, дзякуючы сыстэме стыпэндыяў, беднасьць не зьяўляецца перашкодай у атрыманьні вышэйшай адукацыі. 20% студэнтаў паходзяць з сем''яў, якія жывуць ніжэй за рысу беднасьці.

Амэрыканскую сыстэму адукацыі характарызуе жорсткае, безупыннае спаборніцтва. Унівэрсытэты спаборнічаюць ва ўсім: ад навукі да спорту. Прафэсары спаборнічаюць за навуковыя гранты, а студэнты за лепшыя адзнакі. Ніхто ня можа сабе дазволіць абмежавацца тым, чаго дасягнуў.

Яшчэ адна прычыны посьпеху ў тым, што навука ў Амэрыцы цесна зьвязаная з практычным жыцьцём. Навука павінна быць практычная, зьвязаная з вытворчасьцю, павінна прыносіць карысьць у выглядзе канкрэтных вынаходніцтваў. Штогод амэрыканскія ўнівэрсытэты зарабляюць больш як мільярд даляраў на розных патэнтах. Філёзаф Бэртран Расэль быў зьдзіўлены тым, што ў Амэрыцы любы фэрмэр патрабуе навуковага вытлумачэньня, чаму ў яго, напрыклад, дрэнна расьце бручка. На думку аднаго амэрыканскага гісторыка, ужо ў ХІХ стагодзьдзі “асьвета стала для амэрыканцаў своеасаблівай рэлігіяй”.
XS
SM
MD
LG