Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Злачынная дзейнасьць пухавіцкага гвалтаўніка – задача і для псыхіятраў


Алег Грузьдзіловіч, Менск. Жыхар Пухавіцкага раёну абвінавачваецца ў згвалтаваньні некалькіх дзясяткаў жанчын. Злачынная дзейнасьць пухавіцкага гвалтаўніка вызначаецца пэўнымі асаблівасьцямі, і, на думку спэцыялістаў, яшчэ будзе больш глыбока вывучацца ня толькі крыміналістамі , але і псыхіятрамі Беларусі.

Яго шукалі з сакавіка 2003 году, калі ў Пухавіцкім раёне былі адзначаныя першыя выпадкі згвалтаваньняў старых жанчын. Усяго пад праверку міліцыі патрапіла больш за 2 тысячы жыхароў раёну. Акрамя былых асуджаных, правяралі ўсіх, хто мог кантактаваць з пэнсіянэркамі ў вёсках – супрацоўнікаў сацыяльных і камунальных установаў, арганізацыяў гандлю і абслугоўваньня. Мужчынам задавалі звычайныя пытаньні пра тое, дзе былі і што рабілі ў пэўныя дні, а таксама прасілі здаць кроў на аналіз. Такі аналіз чамусьці не прайшоў 54-гадовы кіроўца мясцовага аддзяленьня сувязі. На наступны дзень пасьля затрыманьня ён прызнаўся ў згвалтаваньнях і пачаў даваць паказаньні па больш як 40 эпізодах справы.

Паводле дадзеных міністэрства ўнутраных справаў, летась у Беларусі было зафіксавана 388 выпадкаў згвалтаваньняў. Звычайна трэцяя частка ахвяраў - няпаўналетнія жанчыны, пераважная большасьць – жанчыны да 40 гадоў. Кабет пэнсійнага ўзросту сярод згвалтаваных адзінкі. Гэта клясычны балянс, кажуць у міліцыі. Але ў апошнія гады ў Беларусі, дзякуючы пухавіцкаму маньяку, звыклы расклад быў парушаны. Яго ахвярамі сталі больш за 20 кабет сталага веку – гэта своеасаблівы рэкорд. Прычым сьледчыя не выключаюць, што некаторыя ахвяры ў міліцыю не зьвярнуліся, баючыся помсты ці агалоскі. Ігар Сарокін, псыхіятар менскага псыха-нэўралягічнага дыспансэру:

(Сарокін: ) “Калі гэты чалавек мае нармалёвы інтэлект, значыць, гэта ў яго выключна сэксуальнае адхіленьне, гэта ня тое, што ён кіраваўся слабасьцю ахвяраў. Яго сэксуальныя адхіленьні вызначаныя асаблівым разьвіцьцём. Адным з маленства падабаюцца дзеткі, падабаецца іх лашчыць, іншым больш падабаецца старое цела, а некаторым падабаюцца людзі свайго полу. Па-рознаму бывае”.

Ці быў пухавіцкі гвалтаўнік маньякам, адмыслоўцы яшчэ ня вырашылі. Выпадак патрабуе дадатковага дасьледаваньня, лічаць міліцыянты, якія знайшлі гвалтаўніка. Яны адзначаюць выключны прагматызм, зь якім той падбіраўся да сваіх ахвяраў, майстэрства заваёўваць іх давер і разьлік.

Няўжо нельга па паводзінах чалавека распазнаць ягоныя злачынныя намеры? Псыхіятар Ігар Сарокін кажа, што гэта вельмі складана, тым больш калі гаворка пра сэрыйнага гвалтаўніка, які рыхтуецца да чарговага злачынства.

Але бываюць і іншыя выпадкі. Менская настаўніца Людміла Н. некалькі гадоў таму зьведала напад патэнцыйнага гвалтаўніка. Згадваць дэталі ёй на ўсё жыцьцё непрыемна.

(Людміла: ) “Ён быў нецьвярозы і таму, відаць, такі шалёны. Пагражаў кастэтам. Пасьля мяне ён спрабаваў напасьці на яшчэ дзьвюх жанчын, адной кастэтам праткнуў паліто і потым гэта паліто стала доказам у судзе.”

Неверагодна, але Людміле ўдалося вырвацца ад маньяка, зь якім яна была сам насам у ліфце. Людміла раптам загаварыла зь ім на нэўтральную тэму і, скарыстаўшыся паўзай, пачала з усіх сілаў крычаць.

Любога шуму гвалтаўнікі баяцца, як агню, пацьвярджае псыхіятар Ігар Сарокін. Ён кажа, што ахвярамі згвалтаваньняў у большасьці выпадкаў становяцца тыя, хто не аказвае ніякага супраціву.

(Сарокін: ) “Ёсьць пэўны псыхалягічны тып ахвяры. У псыхолягаў нават ёсьць для іх адмысловы тэрмін – “валёк”. Можа таму, што гэтыя людзі часьцей валяцца. Заўважана, што ахвярамі часьцей становяцца людзі слабыя, якія лёгка паддаюцца чужому уплыву.”
XS
SM
MD
LG