Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урал Латыпаў лічыць, што ў Нью Ёрку будуць абмяркоўваць будучыню ААН, а не Лукашэнку


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка накіруецца ў ЗША, дзе возьме ўдзел у спэцыяльным плянарным пасяджаньні высокага ўзроўню 60-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. Раней, у 2000-м годзе Аляксандар Лукашэнка прымаў удзел ў саміце тысячагодзьдзя, які таксама праводзіўся ў рамках ААН.

Паводле прэзыдэнцкай прэсавай службы, кіраўнік Беларусі, сярод іншых лідэраў краін сьвету, выступіць на плянарным пасяджэньні высокага ўзроўню сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. Таксама ў яго заплянаваны шэраг двухбаковых сустрэчаў. Аднак падрабязнасьці будуць агучаныя сёньня, у тым ліку на прэсавай канфэрэнцыі намесьніка міністра замежных справаў Віктара Гайсёнка. Усе прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі Беларусі атрымалі ўязныя візы, бо ЗША, на тэрыторыі якой знаходзіцца штаб-кватэра ААН, дазваляюць прыбыцьцё афіцыйных асобаў для ўдзелу ў мерапрыемствах ААН.

Нагадаем, што ЗША неаднаразова крытыкавалі А. Лукашэнку за парушэньне правоў чалавека. Падчас сёлетніх візытаў у Маскву і Вільню дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс зрабіла шэраг жорсткіх заяваў адносна Беларусі, назваўшы яе, сярод іншага, “апошняй дыктатурай у цэнтры Эўропы”.

Аляксандар Лукашэнка фактычна пазбаўлены магчымасьці сустракацца з лідэрамі ЗША і краінаў Эўразьвязу. Пабываць разам з імі магчыма толькі падчас агульных самітаў кіраўнікоў краінаў у рамках АБСЭ ці ААН, сябрам якіх з’яўляецца Беларусь.

У 2000 годзе Аляксандар Лукашэнка ўдзельнічаў у так званым саміце "тысячагодзьдзя" ў рамках ААН. Тады сродкі масавай інфармацыі распавядалі, як А.Лукашэнка літаральна злавіў за руку тагачаснага амэрыканскага прэзыдэнта Біла Клінтана. Сьведкам гэтага выпадка быў тагачасны міністар замежных справаў Урал Латыпаў. (Латыпаў: ) “Вы мне паверыце ці не, але Біл Клінтан з нейкай шчырай цікавасьцю адносіўся да Аляксандра Рыгоравіча. Я прыгадваю, у Стамбуле, вядомы гэты фотаздымак…Клінтан не праходзіў міма, паціскаў руку, відаць, ён яго цікавіў як лідэр і фізычна моцны чалавек. І такой ініцыятывы з боку нашага прэзыдэнта, каб пагутарыць, такога я не бачыў. Там жа ўсе прэзыдэнты нібы ў нейкай клясе, размаўляюць, садзяцца адзін з адным разам. Гэта эпізадычныя сустрэчы, але ініцыятыва была за Клінтанам. Ён зь цікавсьцю размаўляў, я якраз перакладаў гэтыя сустрэчы. Гэта была так бы мовіць размова двух мужчын”.

А пра што ж яны гаварылі?

(Латыпаў: ) “Гаварылі пра спорт. Звычайна такая сьвецкая размова. Палітыкі там практычна не было”.

А як успрымалі выступ А.Лукашэнкі на саміце тысячагоддзя?

(Латыпаў: ) “Там ёсьць рэглямант, усім прэзыдэнтам даецца аднолькавы час. Выключэньне, магчыма, робіцца для сталых сябраў Рады бясьпекі ААН. Але там слухаюць амэрыканцаў, расейцаў, кітайцаў. А потым людзей, якія знаходзяцца ў фокусе грамадзкай думкі. У гэтым пляне Лукашэнку слухаюць уважліва. Я думаю, гэдак жа будзе і на гэты раз”.

Урал Латыпаў аднак ня мог дакладна патлумачыць, чаму беларуская афіцыйная дэлегацыя пакінула саміт тысячагоддзя раней заплянаванага тэрміну. Паводле паведамленьняў мэдыяў, прычынай раптоўнага адьезду беларускай дэлегацыі было тое, што А.Лукашэнкі не было ў сьпісе запрошаных на афіцыйны прыём з нагоды адкрыцьця саміту. У прэсе пісалі, што менавіта Біл Клінтан выкрасьліў імя кіраўніка Беларусі са сьпісу запрошаных. Спадар Латыпаў прыгадвае.

(Латыпаў: ) “Гэтага я не памятаю. Я б гэта ведаў, я ж быў у складзе дэлегацыі. Там жа як – выступіў, усё, ты можаш ехаць дахаты. Лідэры ж едуць для выступу. З-за таго, што там быў нейкі скандал, гэтага я не памятаю”.

Паводле Урала Латыпава на падобным саміце выступае каля двухсот чалавек і пра Беларусь згадаюць далёка не ўсе.

(Латыпаў: ) “Яны ж там едуць абмяркоўваць будучыню ААН. Гэта сымбалічнае мерапрыемства, пацьвердзіць, што ААН не памерла, жыве, што гэтая арганізацыя застаецца галоўнай. Калі хто думае, што там будзе абмяркоўвацца пытаньне па Беларусі, то такога не будзе”.
XS
SM
MD
LG