Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка будзе асабіста вызваляць ад крымінальнай адказнасьці карупцыянэраў


Іна Студзінская , Менск Аляксандар Лукашэнка 12 верасьня падпісаў указ “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьмяненьняў ва ўказ ад 3 сьнежня 1994 году №250”. Дакумэнтам прадугледжваецца парадак вызваленьня прэзыдэнтам ад крымінальнай адказнасьці асобаў, якія зьдзейсьнілі эканамічныя, фінансавыя злачынствы.

У адпаведнасьці з указам, асоба можа быць вызвалена ад крымінальнай адказнасьці, калі яна раскаялася ў зьдзейсьненым злачынстве і дапамагала яго раскрыцьцю, дабравольна кампэнсавала страты, перадала ва ўласнасьць дзяржавы прылады і сродкі зьдзяйсьненьня злачынства, маёмасьць, набытую злачынным шляхам і гэтак далей. Карацей, без суду і сьледзтва прэзыдэнт можа вызваляць чалавека за фінансавыя махінацыі, эканамічныя злачынствы, калі ён пакаяўся і ўсё накрадзенае нібыта вярнуў.

Што думаюць з гэтай нагоды людзі?

(Карэспандэнтка: ) “Прэзыдэнт сваім указам можа вызваляць ад крымінальнай адказнасьці ўсіх карупцыянэраў. Як вы думаеце, гэта нармальна?”

(Спадар: ) “Не зусім гэта ўсё нармальна. Я ня ведаю, як будзе глядзець на гэта Фэміда, правасудзьдзе, але злодзей павінен сядзець у турме. Думаю, тут правасудзьдзем не зусім пахне”.

(Спадар: ) “Па-першае, у нармальнай цывілізаванай краіне гэта робіць суд, а не прэзыдэнт. Калі прэзыдэнт на сябе ўзяў такія вялікія паўнамоцтвы, значыць, такі прэзыдэнт! Што тычыцца маральнага боку – то атрымліваецца, крадзі, гуляй, потым вернеш частку, якую вылічыць сьледчы, а астатняе забірай сабе?”

Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла назваў гэты ўказ “неканстытуцыйным пашырэньнем паўнамоцтваў прэзыдэнта”. Маўляў, толькі цар-імпэратар мог дазваляць сабе такое: караць і мілаваць. Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “У нармальнай цывілізаванай дзяржаве, што называе сябе дэмакратычнай, такога кшталту Ўказы ня могуць быць наагул. Ёсьць органы крымінальнага перасьледаваньня, ёсьць суд, і яны павінны вырашаць усе гэтыя пытаньні крымінальнай адказнасьці, а ніяк не прэзыдэнт. Але каб гэта рабіў прэзыдэнт без суду і сьледзтва?! Гэта можна знайсьці толькі дзе-небудзь у мінулым стагодзьдзі, ды толькі ў адносінах да царскіх асобаў”.

Сьледзтва ў адпаведнасьці з дзеючым заканадаўствам можа прыняць да ўвагі нейкія абставіны і не прыцягваць да крымінальнай адказнасьці альбо спыніць крымінальную справу. Але толькі з санкцыі пракурора – артыкул 30 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Суд можа вызваліць чалавека ад адказнасьці, нават прызнаўшы яго вінаватым. Але ў строгай адпаведнасьці з матывамі, абставінамі, якія дакладна прапісаныя ў Крымінальным кодэксе, у артыкуле 78-м.

І яшчэ: згодна з 84 артыкулам (пункт 19) Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прэзыдэнт мае права ажыцьцяўляць памілаваньне асуджаных. Але юрыст Гары Паганяйла сказаў, што нельга блытаць памілаваньне з вызваленьнем ад крымінальнай адказнасьці. Да прыкладу, былую кіраўніцу спраў Адміністрацыі прэзыдэнта Галіну Жураўкову, якая была асуджаная на 4 гады пазбаўленьня волі, прэзыдэнт, згодна з Канстытуцыяй, сапраўды меў права памілаваць.

(Паганяйла: ) “Прэзыдэнт пасьля суду ўжо можа памілаваць. Але пасьля суду. Пасьля вынясеньня прысуду. Пытаньне памілаваньня – гэта ў кампэтэнцыі прэзыдэнта. Але ня трэба зьмешваць пытаньне памілаваньня з пытаньнем вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці. Як гэта прэзыдэнт асабіста можа вырашаць лёс крымінальнай справы: прыцягваць – не прыцягваць?”

А вось старшыня камісіі па заканадаўству і судова-прававых пытаньнях Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Архіпаў лічыць, што ўказ аб вызваленьні ад крымінальнай адказнасьці асобаў, што зьдзейсьнілі эканамічныя злачынствы і кампэнсавалі страты, сьведчыць аб “гуманізацыі беларускага крымінальнага заканадаўства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG