Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьявіцца на рынку новая "Мілавіца"?


Юлія Шарова, Менск Беларускамоўныя брэнды зь яскравым нацыянальным калярытам пакуль не карыстаюцца папулярнасьцю сярод спажыўцоў. Пра гэта заяўляюць арганізатары прафэсійнага конкурсу “Брэнд году-2005”, які стартаваў гэтымі днямі. Заяўкі на ўдзел у конкурсе прадпрыемствы змогуць падаваць да канца гэтага году, а найлепшыя брэнды-2005 абвесьцяць у студзені.

На пачатак гэтага году ў Беларусі было зарэгістравана больш за 150 тысячаў таварных знакаў ад айчынных заяўнікаў. Большасьць зь іх – расейскамоўныя брэнды, альбо таварныя знакі зь іншым замежным калярытам. Беларускамоўных брэндаў параўнальна няшмат і зусім мала тых, што пасьпяхова прасоўваюцца на рынку.

Як тлумачыць старшыня аргкамітэту конкурсу “Брэнд году-2005” Жана Грынюк, вытворцы часта баяцца зьвязвацца зь беларускай мовай, ствараючы новы брэнд. Так, напрыклад, вядомы таварны знак “Савушкин продукт” быў прыдуманы, каб прасоўваць тавар на расейскі рынак, таму ён адлюстроўвае расейскую нацыянальную спэцыфіку.

(Грынюк:) Беларускамоўных брэндаў пакуль няма з той самай прычыны, што гэта дастаткова сур’ёзная маркетынгавая рызыка. Брэнд – гэта найперш камэрцыйны праект, які інвэстуюць у прыбытковасьць. І пакуль у прадпрыемства няма пэўнасьці ў тым, што беларускамоўны брэнд атрымае такую ж вядомасьць і раскрутку, я магу зразумець маркетынгавыя службы і вышэйшы мэнэджмэнт нашых айчынных прадпрыемстваў. У той жа час я хачу адзначыць, як экспэрт гэтага рынку, адну важную ўласьцівасьць: на тле перавытворчасьці расейскамоўных брэндаў, якія адлюстроўваюць расейскую нацыянальную ідэнтычнасьць, узьнікае вельмі добрая ніша, якая дае магчымасьць для беларускага нацыянальнага брэндаваньня.

Са словаў спадарыні Грынюк, у хуткім часе на айчынным рынку павінен зьявіцца якраз такі спэцыфічна беларускі брэнд – у таварнай групе “Мясныя прадукты”.

Вядома таксама, што такі вядомы замежны брэнд як “Самсунг” прасоўваецца на наш рынак праз беларускамоўную рэкляму. Некаторыя іншыя замежныя брэнды ідуць гэткім жа шляхам.

Агульнапрызнаных брэндаў, кшталту “Мілавіцы” ў Беларусі адзінкі. Паводле інфармацыі аргкамітэту конкурсу “Брэнд году”, зусім нядаўна заяўку на атрыманьне такога статуса падалі “Conte”, “Гарызонт”, “Савушкин продукт” і МАЗ. Працэдура атрыманьня такога статусу вельм іскладаная – трэба, каб брэнд быў пазнавальня ня толькі сярод айчынных спажыўцоў, але й сярод замежнікаў.

Між тым прасоўваньне менавіта брэндаў на вонкавыя рынкі вельмі важнае. Як адзначаюць арганізатары конкурсу, сёлета ў лік тавараў, якія найлепей экспартуюцца, увайшлі вопратка, малако й малочныя прадукты, а таксама мэбля. Такія тавары трэба брэндаваць, як кажуць прафэсіяналы. Але стаўленьне да таварных знакаў у беларускіх вытворцаў пакуль ня надта сур’ёзнае. Кажа чалец аргкамітэту Дзьмітры Сянько.

(Сянько:) Летась, калі вы памятаеце, мы пачыналі кірунак у адкрыцьці крамы брэндаў. На жаль, пакуль яшчэ няма разуменьня таго, што можна набываць гатовы брэнд.

Пры гэтым спэцыялісты адзначаюць, стаўленьне да брэндаў у беларускіх вытворцаў усё ж мяняецца. Пяць гадоў таму, калі конкурс ладзіўся ўпершыню, у Беларусі айчынныя брэнды займалі толькі 15 адсоткаў ад усіх зарэгістраваных таварных знакаў. Усе астатнія былі ад замежных заяўнікаў. Цяпер прапорцыя прыкладна 50 на 50.
XS
SM
MD
LG