Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы будуць пікетаваць будынак ААН падчас прыезду Лукашэнкі


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк Паездку Аляксандра Лукашэнкі ў Нью-Ёрк нельга назваць “візытам у ЗША”, як зрабіла гэта ўрадавае агенцтва БелТА. Ні ўрад ЗША, ні ўрадавыя арганізацыі, ні нават проста якія-небудзь амэрыканскія арганізацыі Лукашэнку ў ЗША не запрашалі. Не запрашала яго і мэрыя Нью-Ёрку. Наколькі вядома на гэты момант, ніякія афіцыйныя асобы не плянавалі ніякіх спатканьняў з Лукашэнкам.

Паводле дамоўленасьці, урад ЗША выдае візы ўсім кіраўнікам дзяржаў, якія прыбываюць на сэсіі ААН. Чым і карыстаюцца такія асобы, як Фідэль Кастра ці Аляксандар Лукашэнка. Пры гэтым маршрут іх перамяшчэньняў звычайна абмяжоўваецца выключна трасай аэрапорт-гатэль-будынак ААН.

14-ага верасьня, а 12-й гадзіне, актывісты БАЗА (Беларуска-амэрыканскае Задзіночаньне) ладзяць пікет на рагу 2-й авэню і 47-й вуліцы. Збор ўдзельнікаў пачнецца у 11.45 ля Нью-ёрскай публічнай бібліятэкі, адкуль прадстаўнікі беларускай дыяспары пойдуць на месца пікетаваньня праз гатэль "Ўолдарф-Асторыя", дзе мае спыніцца Аляксандар Лукашэнка.

Як стала вядома “Свабодзе”, у акцыі возьме ўдзел і Зянон Пазьняк, які цяпер знаходзіцца ў Нью-Ёрку.
XS
SM
MD
LG