Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Украінская намэнклятура мае выразна клянавы характар"


RFE/RL Палітычны аналітык Віталь Портнікаў камэнтуе крызыс улады ва Ўкраіне:

(Портнікаў: ) "Я думаю, што гэты канфлікт быў закладзены ў сутнасьці фармаваньня ўкраінскай намэнклятуры як такой. Гэта праблема ня толькі Ўкраіны, гэта наагул праблема постсавецкай прасторы, што намэнклятура мае выразна клянавы характар.

Так было яшчэ ў тыя часы, калі Віктар Юшчанка яшчэ ня быў кіраўніком ўкраінскага нацыянальнага банку, ён быў тады ў адной з намэнклятурных груповак. І зразумела, што Віктар Юшчанка – асоба, выхаваная цяпер ужо памерлым украінскім алігархам Вадзімам Гетманам, і Юлія Цімашэнка – паплечніца былога ўкраінскага прэм''ер-міністра Паўла Лазарэнкі, даўно засвоілі правілы барацьбы намэнклятурных клянаў. Гэтая барацьба далёкая ад тых законаў, на якія спасылаюцца ўкраінскія палітыкі й палітолягі, якія падтрымліваюць прэзыдэнта.

Так што мне здаецца, што крызыс улады, пра які казаў Віктар Юшчанка ў 2002 годзе, і той крызыс улады, які ён стварыў праз 9 месяцаў пасьля прыходу на пасаду прэзыдэнта, прычыны іх палягаюць у тым, што ўкраінская намэнклятура не жадае мяняць правілы гульні, яна не жадае быць уладай, якая кантралюецца грамадзтвам. Для такой намэнклятуры адзіная мэта – улада як такая.

Што такое ўлада для такой намэнклятуры, украінскай, расейскай ці беларускай – гэта кантроль над фінансавымі патокамі. Менавіта гэта прывяло да вострага канфлікту паміж Пятром Парашэнкам і Юліяй Цімашэнкай. Можна, зразумела, назваць Цімашэнку рэвалюцыянэркай, а спадара Парашэнку – контррэвалюцыянэрам, але яны наўрад ці падазраюць пра такія вызначэньні. Яны проста выкарыстоўваюць пэўныя падыходы, каб кантраляваць фінансавыя патокі."

Пра іншыя меркаваньні і прычыны палітычнага крызысу ва Ўкраіне чытайце ў новым выпуску "Праскага акцэнту".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG