Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватныя прадпрымальнікі згодныя з ацэнкай Усясьветнага банку


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Вашынгтоне адбылася прэзэнтацыя справаздачы Усясьветнага банку і Міжнароднай фінансавай карпарацыі “Вядзеньне бізнэсу ў 2006: стварэньне новых працоўных месцаў”. Паводле гэтай справаздачы, у сьпісе са 155 краінаў Беларусь па індэксу якасьці рэгуляваньня бізнэс-асяродзьдзя займае 106-е месца.

У Беларусі бізнэс-асяродзьдзе, паводле Усясьветнага банку і Міжнароднай фінансавай карпарацыі, рэгулюецца лепш, чымсьці ва Украіне (124-е месца), але горш у параўнаньні з Малдовай (83), Расеяй (79), Польшчай (54) і Літвою (15). Такая нізкая пазыцыя Беларусі, як сьцьвярджаюць аўтары справаздачы, абумоўлена жорсткімі ўмовамі адкрыцьця бізнэсу, высокім коштам найму на працу, маруднасьцю і працягласьцю працэдур рэгістрацыі ўласнасьці.

Сытуацыя, паводле справаздачы, ускладняецца таксама адсутнасьцю ў Беларусі доступу да крэдытных гісторыяў пазычальнікаў, нізкім узроўнем карпаратыўнага кіраваньня ды выключна грувасткай падатковай сыстэмай. Гэтыя высновы міжнародных экспэртаў намесьнік старшыні Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык пракамэнтаваў наступным чынам:

(Стрэльчык: ) “На жаль, я павінен зь некаторымі высновамі супрацоўнікаў Усясьветнага банку пагадзіцца. Насамрэч, не ўсё так добра як нам хацелася б, каб было. Пра гэта казалі неаднойчы і наш Беларускі саюз прадпрымальнікаў, і іншыя саюзы. Казалі на розных узроўнях. Даволі дарагая ў нас працэдура рэгістрацыі. Займае яна шмат часу. Каля паўтара месяца трэба, каб зарэгістраваць сваю фірму. Таксама складаная ў нас сыстэма падаткаабкладаньня. Яна магла б быць спрошчанай для суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Даволі жорсткая ў нас сыстэма штрафаў за правапарушэньні ў сфэры прадпрымальніцтва. Як мы зараз бачым, супрацоўнікі Усясьветнага банку з намі пагаджаюцца. На жаль, яны шмат у чым маюць рацыю, калі робяць такія высновы”.

Высновы аўтараў справаздачы пра якасьць рэгуляваньня ў Беларусі бізнэс-асяродзьдзя падзяляюць і шараговыя прадпрымальнікі. Напрыклад, прадстаўнікі дробнага бізнэсу скардзяцца на недасканаласьць падатковай сыстэмы. У прыватнасьці, у гандляроў пасьля ўвядзеньня падатку на даданую вартасьць гэтая сыыстэма, як паведаміў Радыё Свабода менскі прадпрымальнік Аляксандр Драніцкі, зьядае амаль усю выручку:

(Драніцкі: ) “Зьмянілася ў бок пагрозы праверак і штрафаў. Ужо былі рэйды падатковай інспэкцыі. Падатак на дадатковую вартасьць балюча б’е па прадпрымальніку. Напрыклад, у мяне адна мізэрная гандлёвая кропка. У мяне 2, 25 квадратных мэтры. І калі палічыць усе выдаткі, якія я нясу, арэнду, падаткі на заработную плату, сацыяльнае страхаваньне, то атрымліваецца, што ў месяц я плачу падаткаў і збораў 850 тысяч рублёў з 2 мэтраў”.
XS
SM
MD
LG