Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пабудуць гіганцкія сьвінафэрмы на літоўскай мяжы?


Міхал Карневіч, Горадня Ці будуць на Гарадзеншчыне будаваць самыя вялікія сьвінакомплексы ў Эўропе? Тэма будаўніцтва на Гарадзеншчыне двух самых вялікіх сьвінакомплексаў у Эўропе дагэтуль застаецца актуальнай у польскай і літоўскай прэсе. Праўда, ва Ўпраўленьні сельскай гаспадаркі вобласьці аб гэтым нічога ня ведаюць, а старшыня сельгасгаспадаркі, дзе плянуецца будаўніцтва, кажа, што праект цалкам магчымы.

Аб магчымым будаўніцтве сьвінакомплексаў абвясьціў старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімер Саўчанка падчас сустрэчы з амбасадарам Літоўскай Рэспублікі. Ён нават удакладніў, што іх пабудуюць побач зь вёскай Гожа Гарадзенскага раёна і вёскай Кемелішкі Астравецкага раёна. Абедзьве вёскі знаходзяцца літаральна ў некалькіх кілямэтрах ад літоўскай мяжы. І ў кожным зь іх павінна ўтрымлівацца да 108 тысяч сьвіней.

Ва Ўпраўленьні сельскай гаспадаркі Гарадзенскай вобласьці са мной наагул адмовіліся гаварыць на гэтую тэму, спасылаючыся на тое, што самі даведаліся аб мэга-сьвінафэрмах з газэтаў. Маўляў, ніякіх дакумэнтаў і рашэньняў на гэты конт няма. Праўда, адзін з чыноўнікаў на ўмовах ананімнасьці паведаміў, што гэткі праект немагчымы нават з прычыны таго, што ў вобласьці ня хопіць кармоў дзеля такой колькасьці сьвіней.

Цяпер на Гарадзеншчыне існуюць 28 сьвінакомплексаў, дзе ўтрымліваецца ад 12 да 28 тысяч сьвіней. Як правіла, большасьць з фэрмаў працуюць больш як 10 гадоў, састарэлі і патрабуюць мадэрнізацыі. Дзеля гэтага, дарэчы, у вобласьці распрацаваная спэцыяльная праграма.

Я пабываў у сельгасгаспадарцы “Гожа” Гарадзенскага раёну і паразмаўляў непасрэдна са старшынём гаспадаркі Эдмунтам Балюком. Ён ўпэўнены, што пабудаваць такі комплекс у іх магчыма, праўда, дзеля гэтага патрэбныя інвэстыцыі, бо сама гаспадарка гэтага ня зробіць.

(Эдмунт Балюк: ) “На дадзены момант вядуцца перамовы. У нас у суседняй вёсцы Прывалкі захаваліся будынкі былой птушкафэрмы, дзе разьмяшчалася каля 75 тысяч галоў птушкі. Там ёсьць рэальная магчымасьць правесьці рэканструкцыю і ўтрымліваць згодна з патрабаваньнямі санітарных нормаў пэўную колькасьць галоў. Колькі іх там будзе мне пакуль цяжка сказаць”.

Не палохаюць старшыню гаспадаркі экалягічныя наступствы будаўніцтва такога комплексу. Ён упэўнены, што перад тым, як будаваць, экспэрты здолеюць прадугледзець магчымую небясьпеку, а галоўнае, каб былі грошы:

(Балюк: ) "У праект закладваецца выкананьне ўсіх тэхнічных умоваў, у тым ліку і экалягічных, і санітарных, і іншых. І калі ёсьць грошы на будаўніцтва, то можна прадугледзяць усё, у тым ліку і выкананьне экалягічных нормаў”.

На сёньняшні дзень сельгасгаспадарка “Гожа” ў раёне знаходзіцца ў серадняках. Тут, дарэчы, ёсьць і сьвінафэрма, дзе ўтрымліваюць толькі адну тысячу сьвіней.

*** Беларускі бок заявіў аб намеры будаўніцтва сьвінакомплексаў пасьля таго, як Літва ў жніўні абнародавала пляян будаўніцтва блізу беларускай мяжы сховішчаў для адпрацаванага ядзернага паліва з Ігналінскай АЭС. Першым ідэю будаўніцтва самых буйных у Эўропе сьвінакомплексаў агалосіў старшыня Гарадзенскага гарвыканкама Уладзімер Саўчанка. Ён таксама паведаміў, што галоўным спажыўцом беларускай сьвініны будзе Расея. Прэм''ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас заявіў, што “будаўніцтва сьвінакомплекса ў басэйне Нёмана было бы варварскай справай”.
XS
SM
MD
LG