Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бананавая рэвалюцыя і бананавае шалупіньне” ў Беларусі


Сьвятлана Курс, Прага Часопіс "Transitions Online" (www.tol.cz) у артыкуле “Бананавая рэвалюцыя і бананавае шалупіньне” апісвае незалежны моладзевы рух у Беларусі. Аўтары героі артыкулу разглядаюць працэс разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі й сыходзяцца на тым, што ён будзе доўгатэрміновым, але моцным. Са зьместам артыкулу вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

Яўген Афнагель, адзін зь лідэраў “Зубра”, кажа, што “моладзевыя рухі павінны аб’яднацца, бо ў нас адна мэта. Мы маем менш супярэчнасьцяў, чым “дарослыя”.

“Калі Аляксандар Мілінкевіч будзе абраны адзіным кандыдатам, працэс аб’яднаньня пойдзе досыць хутка”, – лічыць адзін з актывістаў моладзевага руху з групы “Правы Альянс” Юры Карэтнікаў.

Лідэр “Маладога Фронту” Павел Севярынец лічыць, што менавіта “моладзь сфармуе тую групу, якая будзе ціснуць на палітыкаў, каб яны дамагаліся перамогі, а не задавальненьня асабістых амбіцыяў”.

Маладзёвыя рухі заяўляюць, што ў іх тысячы прыхільнікаў па ўсёй краіне, гатовых узьняцца да працы дзеля канкрэтнай мэты. Юры Карэтнікаў з “Правага Альянсу” кажа, што яны вярбуюць прыхільнікаў ня толькі па месцы вучобы, але й сярод спартовых заўзятараў і па месцы жыхарства. “Але студэнты застаюцца падмуркам вялікіх прадзяржаўных моладзевых арганізацыяў. Ім бы давялося заплаціць завялікую асабістую цану, калі б яны далучыліся да апазыцыі”.

Алена Талапіла, старшыня Рады Беларускай Студэнцкай Асацыяцыі, кажа, што важна гарантаваць, каб студэнты выйшлі з выбарчай барацьбы з найменшымі стратамі. Яе асацыяцыя дапамагае студэнтам у юрыдычных пытаньнях і намагаецца дапамагчы дэканам не ламаць лёсы маладых людзей і не выклікаць гневу з боку рэпрэсіўных органаў.

Моладзевыя рухі ў Беларусі маюць адзін з наймацнейшых рэсурсаў для натхненьня – нацыянальны сантымэнт. Карэтнікаў з “Правага Альянсу” перакананы, што ў Беларусі тая ж сытуацыя, што была падчас “Вясны народаў Эўропы” ў 18 і 19 стагодзьдзях. Антынацыянальнае кіраваньне Лукашэнкі выклікае імкненьне нацыі знайсьці сваю ідэнтычнасьць і парваць з савецкім мінулым. Гэтае імкненьне патрабуе іншага прэзыдэнта. “Мы лічым, што пакуль нашая краіна запалоненая “гома саветыкус” – кажа Карэтнікаў.

Усе моладзевыя рухі ў Беларусі, не інсьпіраваныя ўладай, выступаюць пад бел-чырвона-белым сьцягам і гербам “Пагоня”. Аднак Лукашэнка досыць пасьпяхова надаў беларускай ідэнтычнасьці цэтлік “фашыстоўскай”, прапанаваўшы людзям усьведамляць сябе як малодшых братоў Расеі і дзяцей Савецкага саюзу.

Гэтая квазісавецкая ідэнтычнасьць добра працуе ў выпадку са старэйшымі пакаленьнямі, але значна менш узьдзейнічае на моладзь.

Этан Бёрджэр, назіральнік на парлямэнцкіх выбарах у 2004 году, лічыць, што зьмены ў Беларусі адбудуцца ня хутка: “Беларусь – ня Ўкраіна. Мірная зьмена рэжыму тут – доўгатэрміновы праект”. Але зьмены будуць больш гвалтоўныя, чым у іншых постсавецкіх краінах. Грамадзтва адчувае, што Лукашэнка гатовы страляць у людзей, як гэта зрабіў Карымаў.

Аднак нават скептычны рэдактар “Студэнцкай думкі” Сяргей Сахараў лічыць, што зьмены – пытаньне гадоў, а не дзесяцігодзьдзяў.

“Няважна, будзе гэта рэвалюцыя або рэформа, няважна, будзе гэта сіні колер ці іншы, але нам патрэбны перамены”, кажа зубровец Афнагель. “І калі б мы ня верылі б у іх, мы і не рабілі б нічога”. У гэтым яго падтрымліваюць іншыя моладзевыя лідэры.
XS
SM
MD
LG