Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка будзе вызваляць ад крымінальнай адказнасьці сам — каго захоча


Любоў Лунёва, Менск Прэс-служба прэзыдэнта распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што 12 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім прадугледжаны парадак вызваленьня кіраўніком краіны ад крымінальнай адказнасьці асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынствы, зьвязаныя з нанясеньнем стратаў дзяржаўнай уласнасьці.

Згодна з указам, грамадзяніна могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасьці, калі ён пакаяўся ў злачынстве, добраахвотна кампэнсаваў страты, а таксама перадаў ва ўласнасьць дзяржаве прылады і сродкі зьдзяйсьненьня злачынства і маёмасьць, якую набыў злачынным шляхам. Неабходнасьць унясеньня зьменаў тлумачыцца тым, што гэта будзе стымуляваць пакаяньне асобы ў злачынстве і спрыяць прэвэнтыўным выхаваўчым мерам.

Некаторыя юрысты і палітыкі лічаць, што ўказ перасьледуе іншыя мэты. На думку выканаўчага дырэктара БХК Алега Гулака, новы ўказ стане крокам да пэрсаніфікацыі суду.

(Гулак: ) “Падобныя ўказы сьведчаць аб тым, што кіраўнік дзяржавы ўсё больш манапалізуе ўладу, у тым ліку і судовую. Бярэ на сябе функцыі прызначэньня пакараньня і вызваленьня ад пакараньня. З другога боку, гэты ўказ перш за ўсё скіраваны на чыноўнікаў. Гэта мэтад паставіць у большую залежнасьць ад сябе чыноўнікаў: маўляў, добраахвотна ўсё вярні, будзь ляяльны да мяне — і я магу цябе памілаваць. Толькі я караю, я вызваляю, я бог, я — гаспадар. Гэта пэрсаніфікацыя судовай улады”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што ўказ стварае незаконныя мэханізмы папаўненьня бюджэту.

(Лябедзька: ) “За 11 гадоў Аляксандар Лукашэнка напладзіў столькі жулікаў, якія маюць сёньня капіталы, параўнальныя з тым, хто працу ў бізнэсе дзесяцігодзьдзямі. Натуральна, спатрэбіліся нейкія мэханізмы, якія б давалі мажлівасьць Лукашэнку папаўняць бюджэт. Гэта азначае, што, калі ты падзяліўся з Лукашэнкам, вярнуў гэтыя грошы, якія, дарэчы, пайшлі не ў дзяржбюджэт на пэнсіі ці іншыя сацыяльныя праграмы, а ў ценявы бюджэт, то ты, як быццам, нічога й ня зьдзейсьніў, ніякага злачынства. Тое, што гэта так, пацьвярджаюць апошнія прыклады: Жураўкова ды шэраг іншых людзей гуляюць на свабодзе”.

Новы ўказ уступіць у сілу адначасова з уступленьнем адпаведных зьменаў і дадаткаў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы.
XS
SM
MD
LG