Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Беларусь будзе здабываць сваю нафту яшчэ 100 гадоў"


Казімер Яноўскі, Гомель У суседніх зь Беларусьсю краінах усё больш заяўляе пра сябе паліўны крызіс. Значна падаражалі нафтапрадукты ва Ўкраіне, Літве, Польшчы. Беларусь крыху лепей пачуваецца ў гэтай сытуацыі, маючы сваю нафтаздабыўную галіну. Яна забясьпечвае патрэбы краіны прыкладна на 20%.

У апошнія гады аб’яднаньне “Беларуснафта” здабывае каля 1,8 мільёна тон нафты. Галоўны геоляг аб’яднаньня Валер Бескапыльны сьцьвярджае, што запасаў уласнай нафты ў Беларусі хопіць яшчэ на доўгія гады, хаця ўзровень здабычы будзе паніжацца:

(Бескапыльны: ) “Будзем мы пампаваць нафту, напэўна, яшчэ больш за сто гадоў. Аднак узровень здабычы нафты будзе паступова зьніжацца”.

Паводле галоўнага геоляга, “Беларуснафта” выдаткоўвае шмат сродкаў, каб утрымаць здабычу нафты на цяперашнім узроўні. Прымяняюцца новыя тэхналёгіі, ідзе выведка новых радовішчаў, вывучаюцца магчымасьці атрыманьня дадатковай нафты на ранейшых плошчах.

“Беларуснафта” ажыцьцяўляе таксама пошукі нафты ў Судане, супрацоўнічае зь Віетнамам.

Як лічаць адмыслоўцы, якасьць беларускай нафты даволі неблагая:

(Бескапыльны: ) “У нас добрая нафта. Але яна таксама бывае розная. У нас ёсьць радовішчы вельмі вязкай нафты. На яе здабычу трэба шмат намаганьняў. Ёсьць вельмі добрая лёгкая нафта, зь якой выхад бэнзіну надзвычай высокі”, — кажа геоляг Валер Бескапыльны.

Да таго ж у беларускай нафце ўтрымліваецца малы прымешак серы, што таксама зьяўляецца добрым паказьнікам якасьці.

Апошнім часам канцэрн “Белнафтахім”, якому падпарадкавана “Беларуснафта”, робіць захады, каб удзельнічаць у расейскіх праектах здабычы нафты. Урад Беларусі ўжо ўхваліў прапановы канцэрну наконт фінансавага ўнёску “Беларуснафты” у статутны капітал беларуска-расейскага таварыства “Белнафтагазбуд”. Мяркуецца, што таварыства возьме ўдзел у распрацоўны нафтавых радовішчаў Расеі.

Створаная ў 2000 годзе “Нянецка-беларуская нафтавая кампанія” не змагла гэтага зрабіць. Наколькі вядома, з прычыны адмовы расейскага сузаснавальніка фінансаваць палявыя ды сэйсмавыведачныя работы. Была вельмі вялікая верагоднасьць атрыманьня адмоўных вынікаў.
XS
SM
MD
LG