Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Скрабец зноў пачаў галадоўку


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта нашаму радыё паведаміла маці вядомага апазыцыйнага палітыка, кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня. Ніна Скрабец разам зь непаўналетняй дачкой вязьня Натальляй 13 верасьня наведалі яго ў сьледчым ізалятары часовага ўтрыманьня — так званай “Валадарцы”. Усе прысмакі, якія нагатавалі для арыштанта ягоныя маці, жонка і дачка, Сяргею Скрабцу не спатрэбіліся.

Падчас сёньняшняй сустрэчы ён паведаміў, што зь мінулай суботы зноў галадуе. Расказвае маці Сяргея Скрабца:

(Н.Скрабец: ) “Ён галадуе. мы яму ўсё купілі, падрыхтавалі, жонка рыбы насмажыла, рулеты смачныя зрабілі — усё, што яму падабаецца. Зрабілі перадачу, больш за 10 кіляграмаў. А ён нам кажа: “Я магу адмовіцца, бо ўжо галадую”. А мы з унучкай яму кажам: “Хіба ж можна адмаўляцца ад перадачы? Ня будзеш есьці, дык аддасі таварышам, якія побач з табой у камэры. Мы ж назад не павязем. Нам гэты кавалак у горла не палезе”. Угаворвалі: спыні галадаваньне, не патрэбна табе гэта. А ён кажа: “Не, я так вырашыў, я буду зноў галадаваць”.

Гэта ўжо другая галадоўка Сяргея Скрабца. Першы раз ён галадаваў амаль 40 дзён у Берасьцейскім сьледчым ізалятары, куды быў дастаўлены яшчэ 15 траўня, адразу пасьля затрыманьня. І першая, і другая галадоўкі аб’яўленыя на знак пратэсту супраць незаконных, на думку вязьня, дзеяньняў улады.

Сьледчы ў асабліва важных справах рэспубліканскай пракуратуры Вячаслаў Цераховіч, які вядзе справу, паведаміў Сяргею Скрабцу, што той ужо канчаткова абвінавачваецца адразу ў трох парушэньнях заканадаўства — выманьваньні крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падбухторваньні да дачы хабару. На азнаямленьне з крымінальнай справай звычайна траціцца два тыдні, пасьля чаго справа перадаецца ў суд.

Адвакат Сяргея Скрабца Алег Дубавец паведаміў, што ранейшае абвінавачаньне ў крадзяжы перкваліфікавалі ў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць:

(Дубавец: ) “Незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасьці азначае тое, што ён знаходзіўся ў “БелБабаеўскім” і адначасова быў дэпутатам. І лабіяваў інтарэсы “БелБабаеўскага”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж Скрабец неаднаразова казаў, што, калі стаў дэпутатам, дык, згодна з законам, спыніў працу ў “Белбабаеўскім”.

(Дубавец: ) “Гэта будзе разглядацца ў матэрыялах справы. А пакуль я кажу пра афіцыйную вэрсію”.

(Карэспандэнт: ) “А суд якой інстанцыі будзе разглядаць гэтую справу?”

(Дубавец: ) “Пакуль дакладна ня ведаю. Але не выключаю, што нават Вярхоўны”.

У красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца завялі першую справу — тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў гандлёвы дом “БелБабаеўскі”. Што тычыцца другой справы, дык тут сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмову. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG