Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ААН: працаваць у Беларусі праваабаронцам з кожным годам усё складаней


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі падрыхтаваная справаздача аб сытуацыі з праваабаронцамі. Высновы будуць выкарыстаныя адмысловым прадстаўніком генэральнага сакратара ААН для ацэнкі стану ў гэтай галіне ў розных рэгіёнах сьвету.

Замовіла нацыянальныя дасьледаваньні сытуацыі з праваабаронцамі Хіна Джалані, адмысловы прадстаўнік генэральнага сакратара ААН. Справаздачу аб сытуацыі ў Беларусі рыхтуе праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі. Папярэднія высновы ён ужо зрабіў і даслаў у Нью-Ёрк. Зьміцер Маркушэўскі адзначыў, што з году ў год працаваць праваабаронцам у Беларусі ўсё складаней. Беларускія праваабарончыя арганізацыі сутыкаюцца ў асноўным з трыма групамі праблемаў. Першая — гэта рэгістрацыя іх дзейнасьці.

(Маркушэўскі: ) “Мушу сказаць, што кожны год афіцыйна зарэгістраваных праваабаронцаў у Беларусі ўсё меней. На сёньня мы маем афіцыйна толькі адну рэспубліканскую праваабарончую арганізацыю — гэта Беларускі Хэльсынскі камітэт. Астатнія вялікія праваабарончыя арганізацыі былі пазбаўленыя рэгістрацыі. Варта нагадаць — праваабарончы цэнтар “Вясна”, Прававая дапамога насельніцтву, Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў — праваабаронцам з гэтых арганізацыяў, якія працягваюць працаваць, пагражае перасьлед у якасьці штрафаў”.

Зьміцер Маркушэўскі адзначыў зьяву, якой раней у Беларусі не было: некаторыя праваабаронцы самі эмігруюць з краіны з прычыны ціску і пагрозаў уладаў. Гэтак, у 2005 годзе папрасіла палітычнага прытулку ў Канадзе былая актывістка зьліквідаванай арганізацыі Прававая дапамога насельніцтву Раіса Міхайлоўская. Другі выпадак — палітычнага прытулку ў адной з краінаў Заходняй Эўропы папрасіла былая бугальтарка Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Рудкевіч. Супраць яе ўлады распачалі крымінальную справу паводле прыдуманых, як лічаць праваабаронцы, прычынаў.

Наступная праблема — фінансавая. У большасьці арганізацыяў няма спонсараў у Беларусі: дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы праваабаронцам не дапамагаюць паводле загаду зьверху, мясцовыя камэрсанты баяцца гэта рабіць, апасаючыся страціць бізнэс у выніку дадатковых праверак. Раней праваабаронцы выходзілі з гэтага становішча праз дапамогу калегаў з-за мяжы, але цяпер і гэтая крыніца амаль перакрытая.

(Маркушэўскі: ) “Дэкрэт прэзыдэнта №24 стварае вельмі цяжкія ўмовы для атрыманьня міжнароднай дапамогі. А яшчэ і практыка выкарыстаньня гэтага дэкрэту заганная, я б назваў яе валюнтарысцкай. Без абгрунтаваньня дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта можа не зарэгістраваць дапамогу. Самы сьвежы выпадак — зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам, які вымушаны судзіцца з Кіраўніцтвам справаў”.

Зьміцер Маркушэўскі таксама назваў у сваім дасьледаваньні прыклады перасьледу вядомых праваабаронцаў. Гэтак, сёлета міліцыяй былі затрыманыя праваабаронцы Гары Паганяйла з БХК і Тацяна Равяка з цэнтру “Вясна”. Тацяну Равяку нават пакаралі штрафам за тое, што яна распаўсюджвала тэкст мэмарандуму адмысловага дакладчыка АБСЭ па Беларусі Хрыстаса Пургурыдэса пра зьнікненьні апазыцыянэраў у Беларусі. Дарэчы, трывалыя праблемы з распаўсюдам праваабарончай інфармацыі — яшчэ адзін паказьнік сытуацыі з праваабаронцамі ў Беларусі, адзначае Зьміцер Маркушэўскі.
XS
SM
MD
LG