Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Кангрэс дэмсілаў адбудзецца ў Палацы культуры МАЗу?


Валер Каліноўскі, Менск Менскія ўлады запэўнілі Аляксандра Бухвостава, старшыню аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў, што падтрымаюць правядзеньне апазыцыйнага форуму. Кіраўнік ідэалягічнай управы Менскага гарвыканкаму парэкамэндаваў будынак Палацу культуры Менскага аўтамабільнага заводу. Аднак частка актывістаў апазыцыі апасаецца правакацыяў з боку ўладаў і зрыву вылучэньня на кангрэсе адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.

Аляксандар Бухвостаў сёньня наведаў Палац культуры Менскага аўтамабільнага заводу і правёў перамовы зь ягоным дырэктарам Аляксандрам Лонскім, якія скончыліся папярэдняй дамоўленасьцю. У Палацы культуры МАЗу ёсьць актавая заля на 1000 месцаў, іншыя памяшканьні, неабходныя для правядзеньня кангрэсу. Спадар Бухвостаў задаволены і прапанаваным коштам ды мяркуе, што дамова на арэнду будзе падпісаная цягам гэтага тыдня:

(Бухвостаў: ) “Дзеля таго, каб арганізаваць такі форум, як мы хочам, там усе патрэбныя ўмовы ёсьць. Я ня бачу тут ніякіх праблем, калі іх ніхто ня будзе ствараць”.

Тым ня менш, спадар Бухвостаў зазначыў, што аргкамітэт пакуль не адмаўляецца і ад альтэрнатыўных варыянтаў правядзеньня кангрэсу за мяжой. Але Аляксандар Бухвостаў перакананы, што, калі А.Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку правядзеньня Кангрэсу дэмсілаў у Беларусі, то дапусьціць нейкія перашкоды з боку ўладаў было б для яго несалідна.

(Бухвостаў: ) “Я лічу, што мы павінны на роднай зямлі праводзіць усё. Мы ж абараняем нашу зямлю, нашу Беларусь, мы хочам, каб яна жыла значна лепей, каб была тут свабода, дэмакратыя”.

Аднак ёсьць і іншыя меркаваньні на гэты конт. Гаворыць сябра аргкамітэту Валянціна Сьвяцкая:

(Сьвяцкая: ) “Я лічу, што ўлада падрыхтавала пастку і паклала там сыр… Кангрэс будзе сарваны. Я ня веру гэтай уладзе. Чарговы раз яна падрыхтавала нейкую правакацыю, каб сарваць гэты кангрэс”.

Спадарыня Сьвяцкая мяркуе, што прыкладаў, якія пацьвярджаюць яе недавер, улады сваімі дзеяньнямі паказалі дастаткова. Нечаканую падтрымку А.Лукашэнкам апазыцыйнага форуму яна тлумачыць ягонай падрыхтоўкай да візыту ў Нью-Ёрк на сэсію Генэральнай асамблеі ААН.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе, што будынку Палацу культуры недастаткова для правядзеньня кангрэсу. Ад беларускіх уладаў, на ягоную думку, патрэбна дамагацца выкананьня іншых умоваў: забесьпячэньня візамі іншаземных гасьцей і журналістаў; прадастаўленьня магчымасьці арганізатарам кангрэсу выступіць па тэлебачаньні з тлумачэньнем мэтаў і задачаў кангрэсу; скасаваньня судовых рашэньняў супраць арганізатараў сходаў па вылучэньні дэлегатаў і вяртаньня канфіскаванай інфармацыйнай прадукцыі.

(Лябедзька: ) “І ў залежнасьці ад таго, якія мы атрымаем адказы, будзе відаць, ці гэта чарговая папулісцкая заява Лукашэнкі і ўладаў, ці яны насамрэч хацелі б рэальна садзейнічаць канстытуцыйнаму праву партыяў, арганізацыяў, проста палітычна актыўных грамадзянаў на правядзеньне палітычнага мерапрыемства — Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў”.

Анатоль Лябедзька мяркуе, што толькі пасьля адказу ўладаў на гэтыя патрабаваньні можна будзе зрабіць канчатковы выбар месца правядзеньня кангрэсу.
XS
SM
MD
LG