Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзе варта праводзіць Кангрэс дэмсілаў: у Беларусі або за мяжой?


Ганна Соусь, Менск Апытаньне “Свабоды”: дзе мэтазгодна праводзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў — у Беларусі ці за мяжой? Ці варта разьлічваць на гарантыі беларускіх уладаў, якія абяцаюць прадаставіць для правядзеньня кангрэсу памяшканьне ў Менску? З гэтымі пытаньнямі нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на вуліцах сталіцы.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, дзе, на вашую думку, мэтазгодна праводзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў — у Беларусі ці за мяжой?”

(Спадарыня: ) “Наша дзяржава павінна быць зацікаўленая ў тым, каб дэмакратычныя ідэі разглядаліся менавіта на беларускай тэрыторыі. Гэта дазволіць цяперашняму прэзыдэнту не дыскрэдытаваць сябе перад міжнароднай супольнасьцю”.

(Спадар: ) “Найлепш праводзіць у той краіне, дзе маюць адбыцца выбары. Але, калі ўмовы не дазваляюць, то трэба праводзіць там”.

(Спадар: ) “Якая мне розьніца?”

(Спадарыня: ) “Лепш праводзіць гэты кангрэс у Беларусі, але цяпер склаліся такія абставіны, што лепш будзе за мяжой і для ўдзельнікаў, і для гасьцей, бо зноў пачнуць паліваць брудам усіх. Калі праводзіць тут кангрэс, то ніхто не даведаецца. Даведаюцца тыя, хто слухаюць Радыё Свабода”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што за мяжой. Па-першае, мне не падабаецца, як цяпер прэса асьвятляе гэтыя пытаньні тут. Калі б я ўдзельнічала ў гэтым сходзе, я б свабодней сябе адчувала там”.

(Спадар: ) “На маю думку, кангрэс можна праводзіць у розных мясьцінах. Мне здаецца, вельмі слушна сказаў ваш слухач сёньня раніцай падчас тэлефоннага званка ў студыю — калі зрабіць Кангрэс дэмакратычных сілаў у нас у краіне, то абавязкова нейкая бомба будзе “закладзеная”, ці нешта іншае здарыцца, і яго проста сарвуць. Таму я лічу, што было б спакайней недзе за межамі Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Мэтазгодна за мяжой”.

(Спадарыня: ) “Канечне, за мяжой. Якая ў Беларусі дэмакратыя? Яе практычна няма. Толькі словы. А з другога боку, калі нічога не рабіць, то нічога і ня будзе. Калі Кангрэс будзе праводзіцца ў Беларусі, я маю сумнеў, што змогуць прыехаць усе тыя людзі, якія хацелі б прысутнічаць на ім”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці варта разьлічваць на гарантыі беларускіх уладаў, якія абяцаюць даць памяшканьні ў Менску?”

(Спадар: ) “Да выбараў засталося няшмат часу, таму, я думаю, што можна разьлічваюць. Яму таксама лішнія праблемы не патрэбныя”.

(Спадарыня: ) “Вядома, не. Таму што яны гавораць, але ня робяць”.

(Спадарыня: ) “Можа быць, гэта як часта бывае ў нас, толькі словы. А на самай справе будзе інакш”.

(Спадарыня: ) “Ня трэба разьлічваць на гарантыі ўладаў. Яны шмат што гарантуюць, але амаль нічога не выконваюць. Яны выконваюць толькі тое, што ім трэба”.

(Спадарыня: ) “Безумоўна, не. Я думаю, што абавязкова будуць правакацыі, і ўсе людзі, якія будуць удзельнічаць у гэтым сходзе, будуць потым асуджаныя і будзе уціск з боку ўлады. Асабліва, калі будуць вядомыя людзі”.

(Спадар: ) “Я лічу, што няварта. Гэта сапраўды быў папулісцкі крок”.
XS
SM
MD
LG