Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пошуках Дугі Струвэ... (Палітычная геаграфія - Безьдзеж)


Ягор Маёрчык, Безьдзеж, Драгічынскі раён, Берасьцейшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Безьдзеж сустракае ня толькі стандартным стэндам з назваю мястэчка. На хваіне, што на ўскрайку лесу, цьвіком прыбіта яшчэ адна шыльда: “Асьцярожна, шаленства!”



Аднак такая акалічнасьць маіх намераў не мяняе. Я шукаю кропку Дугі Струвэ. Вонкава гэта двухмэтровы каменны куб. Дуга гэтая — найбольш дакладнае вымярэньне мэрыдыяну. У 19-м стагодзьдзі гэадэзіст Васіль Струвэ на тэрыторыі 10 краінаў заклаў 258 пунктаў. 30 зь іх знаходзіцца ў Беларусі. Нядаўна ЮНЭСКА ўнесла Дугу Струвэ ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў чалавецтва.

Як пачынаю гаварыць пра мэту вандроўкі, — месьцічы паглядаюць са зьдзіўленьнем. Маўляў, ні пра якага Струвэ, ягоную Дугу й вялікі камень ніколі ня чулі.

Увесь Безьдзеж гудзе з іншай нагоды: кіраўнік тутэйшай калектыўнай гаспадаркі перагарадзіў плотам адну з вуліц. І цяпер, каб выгнаць карову ў чараду, жыхаром прылеглых хат трэба “нарэзваць” кола некалькі соцень мэтраў.



Пазыцыя старшыні такая: адкідамі сваёй жыцьцядзейнасьці каровы пэцкаюць кветнікі ля Дому культуры. Але паводле дзіўнага супадзеньня, дарогу перагарадзілі менавіта там, дзе жыве сам старшыня. Рагулі цяпер ля ягонай хаты ня ходзяць, а значыць — і “блінцоў” тут не раскідаюць. Месьцічы пагражаюць зьвярнуцца ў райвыканкам, каб там знайшлі ўправу на кіраўніка гаспадаркі.

Пры мікрафоне пэнсіянэрка Мар''яна Шуляк. Быдла старая не трымае. Папросту хата ейная побач. А гэта значыць, што ўсе падзеі разгортваюцца на ейных вачох.



(Карэспандэнт: ) “У вас тут была дарога, якую перакрылі...”

(Шуляк: ) “...ля клюбу. Гісторыя такая: тудэю ідуць каровы і пэцкаюць дарогу. І трэба некаму прыбіраць”.

(Карэспандэнт: ) “Але каровы паўсюль ходзяць ды пэцкаюць...”

(Шуляк: ) “А там побач жыве калгасны старшыня”.

(Карэспандэнт: ) “Усё выглядае такім чынам: ён загарадзіў, бо яму не спадабалася, што побач хадзілі каровы”.

(Шуляк: ) “Мая хата з краю й я нічога ня ведаю!”

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што пад Безьдзежам ня так даўно былі геолягі й правілі нейкія раскопы. Знайшлі, нібыта, нейкі стары камень. Што-небудзь пра гэта чулі?”

(Шуляк: ) “Камень-та не. Але бачыла я, што хадзілі людзі зь нейкімі мяхамі. Яны ў тых мяхох насілі косьці й голавы”.

Я кіруюся ў тутэйшы сельсавет. Па-першае, хачу ўведаць, дзе ўсё-ткі знаходзіцца пункт Дугі Струвэ, а, па-другое, распытаць пра таямнічых людзей, што носяць у мяхох чалавечыя косткі.



Супрацоўніца сельсавету — мілая жанчына год 40-ка. На твары такая ўсьмешка, нібыта размова вядзецца не пра чалавечыя пахаваньні, а пра раённыя Дажынкі.

(Карэспандэнт: ) “Пагутарыў з адной бабкай. Кажуць, рылі яміну — і знайшлі нейкія косткі”.

(Чыноўніца: ) “Знайшлі нейкае пахаваньне. Хутчэй за ўсё, гэта могілкі. Кажуць, што яны з 1500-1600-х гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “А косткі перанесьлі ўжо з таго месца?”.

(Чыноўніца: ) “Перазахавалі на могілках”.

(Карэспандэнт: ) “І шмат костак тых было?”

(Чыноўніца: ) “34 чалавекі”.

(Карэспандэнт: ) “У вас тут была геалягічная экспэдыцыя. Яны адкапалі камень. Ёсьць такая чарада знакаў, якая цягнецца ад Чорнага мора да Паўночна-Ледавітага акіяну. І адзін з гэтых камянёў знаходзіцца дзесьці пад Безьдзежам. Нядаўна ЮНЭСКА прызнала гэтую чараду, якая называецца Дугой Струвэ, культурнай каштоўнасьцю ўсясьветнага маштабу. Вы што-небудзь пра гэта ведаеце?”

(Чыноўніца: ) “Не-а, першы раз чую”.

Безьдзеж сярод тых паселішчаў Драгічынскага раёну Берасьцейшчыны, дзе на загад Аляксандра Лукашэнкі для калгасьнікаў будуюць новыя дамкі.



Як закладалі падмурак аднаго зь іх, на косьці й наткнуліся. Ды суседзтва са старажытнымі могілкамі на ахвочых да новага жытла ніякім чынам не паўплывала: прэтэндэнтаў не паменела.

Раскопы закончылі, і будаўніцтва працягваецца. З гаспадароў ужо заселеных хацін я засьпеў толькі цётку Антаніну.

(Антаніна: ) “Я тут усяго месяц як жыву”.

(Карэспандэнт: ) “А самі адкуль?”

(Антаніна: ) “З-пад Менску, гэта вёска Дабрынёва. Там вельмі бедны калгас. Прэзыдэнт, чамусьці, езьдзіць усе далей і далей, а пад сваім носам ён нічога ня бачыць. Каб ён заехаў і паглядзеў, што там творыцца, — гэта страх Боскі!”

(Карэспандэнт: ) “Вы прыехалі — і вам адразу далі хату?”

(Антаніна: ) “Так. Адразу й далі. За гэты дом трэба 25 гадоў адпрацаваць. Мы такую дамову падпісвалі”.

(Карэспандэнт: ) “І вы 25 гадоў нікуды адсюль ня можаце зьехаць?”

(Антаніна: ) “Так. Я гэты час мушу ў калгасе адпрацаваць”.

(Карэспандэнт: ) “А калі захочаце зьехаць, — што будзе тады?”

(Антаніна: ) “Цяпер ужо нікуды ня зьеду”.

(Карэспандэнт: ) “Выходзіць, вас тут прывязалі?”

(Антаніна: ) “Я й там была калгасным домам прывязана”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам гадоў?”

(Антаніна: ) “45”.

(Карэспандэнт: ) “45 + 25 — будзе 70. Няўжо вы да 70-ці будзеце працаваць?”

(Антаніна: ) “Не, я на пэнсіі буду. Я тады буду тут жыць, і мяне ніхто адсюль ня выганіць”.

У пошуках пункту Дугі Струвэ доўжу вандраваньне па Безьдзежы.

На цэнтральным пляцы мястэчка — прыватныя крамы, царква й касьцёл. За каталіцкай бажніцай асфальт сканчваецца, і я тупаю па пяску.



Лідзія Рыгораўна з тых, каго называюць вясковай інтэлігенцыяй. Яна — настаўніца хіміі ў тутэйшай школе. Кабеціна корпалася ў двары сядзібы. Я падышоў і наважыўся адарваць ад справаў.

(Карэспандэнт: ) “Пад Безьдзежам геолягі...”

(Лідзія Рыгораўна: ) “...нешта найшлі”.

(Карэспандэнт: ) “А пра каменьні й Дугу Струвэ што-небудзь ведаеце?”

(Лідзія Рыгораўна: ) “Нічога я ня ведаю. Я толькі чула, што нешта знайшлі. А што дакладна — не цікавілася”.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што ў вас тут аграгарадок...”

(Лідзія Рыгораўна: ) “Кажуць, ён тут будуецца. А старшыня ў нас такі, што трэба пашукаць, — трымае калгас без датацыяў. Плацяць добра. І я думаю, што гэта ягоная заслуга”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму па вашай вуліцы ён ня можа пакласьці асфальт?”

(Лідзія Рыгораўна: ) “Можа, і пакладзе. Цяпер да нас газ вядуць. Можа, пасьля гэтага й пакладуць”.

(Карэспандэнт: ) “А калі газ абяцаюць?”

(Лідзія Рыгораўна: ) “На наступны год будуць пускаць па дамох”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі ўжо ведаюць, колькі давядзецца плаціць?”

(Лідзія Рыгораўна: ) “Многа. Я разьлічваю аддаць 2 тысячы даляраў. Але гэта будзе на ўсё жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат людзей могуць сабе дазволіць такое?”

(Лідзія Рыгораўна: ) “Пазапісвалася вельмі шмат”.

Яшчэ адна жыхарка Безьдзежу называцца адмовілася. І вуліцы, на якой жыве, таксама прасіла не называць. Старая даўно на пэнсіі. Яна мае праблемы са здароўем, адтаго жыве адным днём і наперад далёка не зазірае. Праўда, спадзеваў правесьці газ не пакідае.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што ня так даўно ў вас тут былі геолягі й рабілі раскопы, дык знайшлі адметны камень. А вы ня ведаеце, дзе гэта было?”

(Спадарыня: ) “Гэта тут было. А што й дзе яны знайшлі, — я сказаць не магу”.

(Карэспандэнт: ) “А вы можаце згадаць, дзе знаходзіцца гэтае месца?

(Спадарыня: ) “Не. Я ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “А як людзям у Безьдзежы жывецца?”

(Спадарыня: ) “Як прыходзіцца, так і жывецца. Пэнсію плацяць. Але колькі там тае пэнсіі? Яна малая, а ўсё дарагое”.

(Карэспандэнт: ) “А што дарагое?”

(Спадарыня: ) “Мука й хлеб — усё дарагое!”

(Карэспандэнт: ) “А што хацелі б набыць, але ня можаце, бо няма грошай?”

(Спадарыня: ) “Купіла б новую канапу. Але не магу, бо няма грошай. Хочаш смачна паесьці, але не набываеш — бо дарагое”.

(Карэспандэнт: ) “А вы такога смачнага хочаце паесьці, што ня можаце набыць?”

(Спадарыня: ) “Каўбасы”.

І Лідзія Рыгораўна, і вяскоўка, якая марыць пра кавалак каўбасы, — працадаўцы дзядзькі Мішы. Ён — наёмны работнік. Ходзіць па мястэчку ды шукае, як бы падзарабіць: дзе дроў насячэ, дзе гной выкіне альбо бульбу дапаможа выкапаць.



Для мяне дык каштоўнасьць дзядзькі Мішы ў іншым: ён шмат з кім кантактуе, а значыць — ведае болей, чым тыя, хто толькі ля печы сядзіць.

(Міша: ) “Мяне выгналі з калгасу. Вёз аднойчы фуру сіласу. І крыху быў пад гэтай справай”.

(Карэспандэнт: ) “Выпілі?”

(Міша: ) “І што з таго!? Але я яго усё адно вёз і каровы карміў. А паспрабуй у калгас уладкавацца! Прасіўся, каб узялі на ток. Няма чаго пра гэта казаць! Там у іх свае людзі!”

(Карэспандэнт: ) “І даўно бяз працы?”

(Міша: ) “5 гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “Тут былі геолягі, і ля Безьдзежу рабілі раскопы й знайшлі камень”.

(Міша: ) “Былі”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе гэты камень знаходзіцца?”

(Міша: ) “Ля могілак, зь левага боку”.

(Карэспандэнт: ) “І камень там ляжыць?”

(Міша: ) “Яго закапалі”.



Мішавы сьведчаньні прывялі мяне на ўскраек Безьдзежу. Могілак тут ажно двое: праваслаўныя й каталіцкія. Побач зь імі — заараныя калгасныя палі. Ніякага ўказальніка, дзе той камень Струвэ можа знаходзіцца, няма.

Часьцінкі гістарычна-культурнай спадчыны чалавецтва я так і не пабачыў: прысыпана яна глебай. Але цікавостак у Безьдзежы хапае й на паверхні зямлі.

XS
SM
MD
LG