Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Rzeczpospolita: «Беларусь мала значыць для Эўропы”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Tакі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка. Паводле аўтара матэрыялу, нягледзячы на высілкі польскіх дыпляматаў, не выглядае, каб у Брусэлі значна ўзрасла зацікаўленасьць падзеямі ў Беларусі.

Аўтар артыкулу Анджэй Бялецкі піша, што калі пачаўся канфлікт вакол Саюзу палякаў, польскія дыпляматы адразу зрабілі стаўку на Брусэль, падкрэсьліўшы, што тут ня йдзе гаворка пра спрэчку паміж Польшчай і Беларусьсю, але пра чарговы, “быць можа, вырашальны этап узмацненьня дыктатуры каля брамы аб’яднанай Эўропы”. “Польскі МЗС разьлічваў на прынамсі частковы паўтор нядаўняга посьпеху ва Украіне. Тры месяцы актыўных захадаў, аднак, прынесьлі сьціплыя вынікі. Доказаў невялікай зацікаўленасьці Брусэлю тым, што адбываецца ў Беларусі, шмат. Толькі на пачатку наступнага году Эўрапейская камісія накіруе ў Беларусь свайго прадстаўніка. Адказваючы на зьнішчэньне незалежных мэдыяў, Эўразьвяз абмежаваўся выдзяленьнем 138 тысячаў эўра на 15-ці хвілінныя праграмы для Беларусі на “Нямецкай хвалі”. Выбар станцыі таксама невыпадковы – кантраляванае Бэрлінам нямецкае грамадзкае радыё будзе больш спагадлівым для рэжыму Лукашэнкі, чым калі б праграмы перадаваліся з Польшчы”, - піша “Rzeczpospolita”.

Аўтар артыкулу крытыкуе таксама Эўрапейскі парлямэнт, які не пагадзіўся прысьвяціць некалькі хвілінаў сэсіі, каб выслухаць непрызнаваную Менскам старшыню СПБ Анжаліку Борыс разам з найбольш рэальным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Польшчы Дональдам Тускам.

“Rzeczpospolita” цытуе полськага міністра ў правах Эўропы Яраслава Петраса, які прызнаў, што спроба пераканаць Эўразьвяз у “нашым поглядзе” на канфлікт у Беларусі “не была пасьпяховай”.

“Чаму? Часткова вінаватыя самі беларусы, бо там няма моцнага лідэра аб’яднанай апазыцыі, якога мог бы падтрымаць Эўразьвяз. Праблема таксама ў тым, што структуры Эўразьвязу не прыстасаваныя да пашырэньня дэмакратыі ў памежных краінах...Заявы прэсавых сакратароў, дэклярацыі міністраў ці забарона на ўезд некаторым прадстаўнікам беларускага рэжыму маюць амаль нулявы ўплыў на рэпрэсіі, якія праводзіць рэжым Лукашэнкі. Гэта мелася зьмяніць эўрапейская канстытуцыя”, - піша “Rzeczpospolita”.

Але паколькі канстытуцыі няма, дык, адзначачае Анджэй Бялецкі, застаецца надзея на цьвёрдую пазыцыю найбольш уплывовых краінаў Эўразьвязу. Тут аднак, перакананы аўтар, няма на што разьлічваць, бо Нямеччына, Францыя і Італія ня хочуць ставіць пад пагрозу дачыненьні з Масквой каб абараніць беларускіх апазыцыянэраў. “Расея як саюзьнік на міжнароднай арэне і стратэгічны пастаўшчык энэргіі -важнейшая, чым Польшча. Яшчэ меншае значэньне мае для Брусэлю Беларусь. У такой сытуацыі застаецца рабіць падставовыя рэчы: Польшча павінна падтрымліваць нават сьціплыя спробы пабудовы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, хаця б праз візавыя ільготы для беларусаў, каб яны маглі пабачыць, як жывецца ў вольнай краіне. Гэта праца на шмат гадоў, але гэта хіба што адзіны эфэктыўны шлях ва ўмовах, калі Польшча мае так мала саюзьнікаў у спробах зьвяржэньня найбольш жорсткай дыктатуры ў Эўропе”, - напісаў публіцыст Анджэй Бялецкі ў сёньняшнім нумары газэты “Rzeczpospolita”.
XS
SM
MD
LG