Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што беларусы любяць Фідэля Кастра?


Юлія Шарова, Менск Учора Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кубінскім амбасадарам Фэліксам Карбальё й перадаў праз дыплямата запрашэньне Фідэлю Кастро прыехаць у Менск. Нашая карэспандэнтка высьвятляла, як беларусы ставяцца да гэтай ініцыятывы кіраўніка краіны.

Людзі старэйшага веку, зь якімі я гутарыла на менскіх вуліцах, у большасьці сваёй вельмі вітаюць ініцыятыву Лукашэнкі. Да Фідэля Кастра яны ставяцца прыязна й ня бачаць нічога страшнага ў тым, што ён можа зноў сюды прыехаць.

(Спадар:) Напрамілы бог, няхай прыяжджае.

(Пэнсіянэрка:) Станоўча. Ён вельмі шмат каго зь дзяцей уратаваў чарнобыльскіх, таму заўсёды нашае пакаленьне да яго ставілася да яго зь сымпатыяй і з павагай.

(Іншая пэнсіянэрка:) Напэўна ўвогуле краіны павінны дачыняцца адна з аднаой.

(Спадар:) Няхай прыяжджае. Лацінская Амэрыка яго любіць.

(Пэнсіянэр:) Станоўча. Я яго бачыў, калі ён мінулым разам быў у Менску. На Круглай плошчы яго бачыў, калі ён там вянкі ўскладаў.

(Спадар:) Гэта зразумела для нашага кіраўніка. Чым далей, тым лепей.

(Карэспандэнтка:) А ня памятаеце, як ён прыяжджаў у Менск?

(Спадар:) Загінуў тады нехта з кіраўнікоў за гэтую паездку. Праважаў да Берасьця.

(Рускі чалавек:) Што, ён будзе разбураць нас? Што, ён будзе нам кепствы чыніць? Ён стары чалавек, цалкам прыстойны. Чаго вы яго баіцеся?

Для гэтых людзей Фідэль Кастра чалавек станоўчы, добры, шчыры. Маладыя людзі, зь якімі я таксама пагутарыла, ня надта адрозьніваліся ў сваіх выказваньнях. Праўда, ім збольшага было ўсё адно, каго запрашае Лукашэнка й хто можа прыехаць у Менск. А зусім маладыя студэнты не адразу й прыгадвалі, хто такі Фідэль Кастра й чым ён вядомы.

(Дзяўчына:) Калі Лукашэнка хоча, то няхай ён едзе. Ён жа ж запрашае, да яго прыедуць.

(Хлопец:) Кастра? Гэта, здаецца, кубінскі нейкі палітык. Дыктатар. Ну няхай прыяжджае.

(Карэспандэнтка:) Ну а тое, што мы дыктатараў да сябе запрашаем, зь якімі іншыя краіны ня зносяцца – гэта нармальна?

(Хлопец:) Нармальна. Я думаю, мы павінны і зь Фідэлем Кастрам добра размаўляць.

(Іншы хлопец:) Мне падаецца, што паколькі ён ягоны сябра, то канечне ён будзе яго запрашаць сюды. Але зь якой мэтай? А так – што Садам Хусэйн, што Фідэль Кастра. Гэта ягоныя сябры.

(Дзяўчына:) Трэба сябраваць з усімі, вось і ўсё.

(Іншая дзяўчына:) Няхай прыяжджае, мы людзі гасьцінныя.

(Спадарыня:) Фідэль Кастра вельмі вядомы палітык, чаму яму сюды не прыехаць. Вельмі добра.

На думку доктара фізязофскіх навук Вячаслава Оргіша, шматлікія насельнікі Беларусі даволі прыязна ставяцца да дыктатараў кшталту Кастра, бо папросту замбіяваныя дзяржаўнай прапагандай.

(Оргіш:) Фідэль Кастра - гэта адна з такіх знакавых фігураў аўтарытарнага кіраваньня ў сьвеце. Канечне, празь дзяржаўную прапаганду частцы людзей убілі ў галаву, што гэта фігура, якая мае нейкія станоўчыя прыкметы, рысы, характарыстыкі й да яе варта ставіцца пазытыўна.

Людзі старэйшага веку яшчэ жывуць памяцьцю пра савецкія часы, калі Фідэль Кастра быў у пашане, тлумачыць спадар Оргіш. Ён вядомы і надзвычай харызматычны палітык, ім нездарма захапляліся. Што да моладзі, то яна ў масе сваёй палітычна індыфэрэнтная – з аднаго боку. Яна ня бачыць аб’ектыўнай карціны палітычнага жыцьця ў сваёй краіне і ва ўсім сьвеце таксама, таму вялікай розьніцы паміж, напрыклад, Фідэлем Кастра й Джорджам Бушам не ўсьведамляе. Зь іншага боку, дзяржаўная ідэалёгія закранула й маладое пакаленьне беларусаў: яны не навучаюцца крытычнаму стаўленьню да антыдэмакратычных лідэраў.
XS
SM
MD
LG