Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справу Сяргей Скрабца могуць перадаць у суд ужо праз два тыдні


Уладзімер Глод, Менск Сьледчы ў асоба важных справах рэспубліканскай пракуратуры Вячаслаў Цераховіч сёньня паведаміў вядомаму апазыцыянэру, кіраўніку дэпутацкай групы "Рэспубліка" ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргею Скрабцу, што ён ужо канчаткова абвінавачваецца адразу ў трох парушэньнях заканадаўства - выманьваньне крэдытаў у дзяржавы, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць і падбухторваньне да дачы хабару. Вязьню будзе дадзена два тыдні для азнаямленьня з крымінальнай справай, пасьля чаго сьледзтва зьбіраецца перадаць справу ў суд.

У красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца завялі першую справу - тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом "БелБабаеўскі". Што тычыцца другой справы, дык тут сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз з Вільні 200 тысячаў даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG