Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня да чытача прыходзіць кніга любоўнай лірыкі па-беларуску "Яна і Я"


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ўвечары ў вялікай залі Дому літаратара адбудзецца прэзентацыя кнігі “Яна і Я”. Гэта першая ў гісторыі беларускае літаратуры анталёгія вершаў пра каханьне. У зборнік, выдадзены менскім недзяржаўным выдавецтвам “Радыёла-плюс”, увайшлі паэтычныя творы, складзеныя ў XII – XXI стагодзьдзях. Гэтую кнігу лірыкі ўжо прачытала наша аглядальніца.

Першае і самае, думаю, галоўнае маё чытацкае ўражаньне палягае ў тым, што беларускія паэты пачалі пісаць любоўную лірыку адносна нядаўна, усяго нейкія сто гадаў таму. Прынамсі, першым вершам анталёгіі, які без яніякіх агаворак можна назваць вершам пра каханьне, гэта славуты Купалаў “Явар і каліна”. У зьвязку з чым я спыталася ў складальніка і выдаўца анталягёгіі Ўладзімера Сіўчыкава, чаму ён вырашыў уключыць у кнігу творы, напісаныя да Купалы, і якія да тэмы анталёгіі ня маюць наўпроставага дачыненьня. Спадар Сіўчыкаў сказаў, што тэму каханьня кожны ўспрымае па-свойму. Хтосьці знаходзіць яе ў паэме Міколы Гусоўскага “Песьня пра зубра”, а хтосьці– у творах Казімера Сваяка. Задача складальніка – паказаць шматстайнасьць тэмы.

(Сіўчыкаў:) “Паказаць багацьце розных падыходаў і прачытаньняў гэтай тэмы – задача і сапраўды досыць шырокая. Потым яшчэ адзін з нашых прынцыпаў – гэта пастарацца прадставіць усе літаратурныя накірункі, пачынаючы ад самых раньніх часоў, дзе ў большай ці ў меншай ступені гэтая тэма закраналася, а некаторыя творы, дарэчы, былі спецыяльна перакладзеныя для гэтага выданьня…”

Другое маё ўражаньне вынікае зь першага. Яно палягае ў тым, што сучасныя беларускія творцы нібы сьвядома сьпяшаюцца запоўніць нішу айчыннае любоўнае лірыкі. Прапушчанае папярэднікамі яны з посьпехам кампэнсуюць тэмамі, вобразамі, нават знаходкамі новых формаў. Да прыкладу, дзевятнаццацігадовы Глеб Лабадзенка ўжо ўвойдзе ў гісторыю беларускае літаратуры, як вынаходнік любоўных pager-вершаў.

Але кніга “Яна і Я” больш парадуе прыхільнікаў традыцыйнае інтымнае лірыкі, скарбонка якое таксама не перастае поўніцца. Вось які свой новы верш пад назвай “Дзікая балярына” прачытаў учора мне знаны сучасны беларускі пясьняр любоўнае лірыкі Леанід Дранько-Майсюк:

Ты – дзікая балярына; Ты музу маю станцоўвала ў музку. Табе я ўсё аддаваў, акрамя сына І магчымасьці думаць па-беларуску.

Ты, – разьвітальная сьцюжа, – Падаравала мне сьнежнае лета: Танец маленькага Прынца з Ружай На вузкім лёдзе гранітнага парапету.

І я хадзіў па карнізах Спатканьняў начных, Лагодзячы лепшы з тваіх капрызаў – Лона ўскалых.

Але аднойчы пад лідзкае піва Падумалася мне: “Ты мяне асьляпіла, А я цябе – не…”

Хацеў спытацца: “Скажы…” Прагнуў даведацца: “Ты б хацела…” Аднак уцякала з маёй душы Дзікая рызыка твайго цела.

О, як яно зьнікала, плыло І не рабілася родным; Адзіным у сьвеце такім было Грацыёзна-плодным!

У яго апускаўся, як у раку, І прасіў цябе зь менскай далечы: – Нарадзі мне дачку, Мяне пакідаючы!

Вершы пра каханьне Леаніда Дранько –Майсюка і многіх іншых паэтаў можна будзе пачуць сёньня ўвечары ў Доме літаратара на прэзэнтацыі анталёгіі любоўнай лірыкі “Яна і Я”. Пачатак а 18:30
XS
SM
MD
LG