Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль ізноў вяртаецца да беларускага пытаньня


Уладзімер Глод, Менск Сёньня і заўтра ў Брусэлі камітэт у справах зьнешняй палітыкі Эўрапарлямэнту будзе разглядаць сытуацыю ў Беларусі. Паводле кіраўніка дэлегацыі ў сувязях зь Беларусьсю польскага дэпутата Богдана Кліха, папярэдне мяркуецца, што ў цэнтры ўвагі эўрапейскіх парлямэнтараў стануць пытаньні аб парушэньні правоў беларускіх палякаў, аб вяшчаньні на Беларусь радыёстанцыі "Нямецкая хваля" ды іншыя.

8 верасьня дэлегацыя ў сувязях зь Беларусьсю прыняла заяву, у якой заклікае Эўрапейскі парлямэнт "стаць у авангардзе тых, хто падтрымлівае дэмакратыю ў Беларусі". У дакумэнце таксама адзначаецца, што крокі беларускіх уладаў адносна польскай меньшасьці ў краіне "сьведчаць пра тое, што рэпрэсіўны характар Менску захоўваецца".

Падобна, што зацікаўленасьць Беларусьсю знойдзе падтрымку ў абсалютнай бальшыні дэпутатаў. На карысьць менавіта такога прагнозу гавораць і вынікі ранейшых галасаваньняў у Эўрапарлямэнце адносна Беларусі, і тое, што многія парлямэнтары лічаць узгаданую праблему зусім не беларуска-польскай, а агульнаэўрапейскай. Менавіта так разважае, напрыклад, Юстас Палецскіс -- дэпутат зь Літвы, які ўваходзіць у сацыял-дэмакратычную фракцыю Эўрапарлямэнту. Дарэчы, спадар Палецскіс падкрэсьлівае, што ў Эўрапарлямэнце нацыянальных дэлегацыяў не існуе наагул, а ўсе дэпутаты, незалежна ад таго, якую краіну яны прадстаўляюць, аб''ядноўваюцца выключна ў партыйных фракцыях. І менавіта такі падыход выводзіць на першы плян партыйныя, а не нацыянальныя інтарэсы, гаворыць сацыял-дэмакрат Юстас Палецскіс:

(Палецскіс:) "Думаю, што дыскусія будзе даволі жывой, многія захочуць выступіць. Гэтая цікавасьць да Беларусі праяўляецца ня толькі з боку польскіх калегаў з Эўрапарлямэнту, але й ад многіх іншых, прынамсі, ад парлямэнтараў балтыйскіх краінаў. Эўрапарлямэнт стала цікавіцца беларускімі справамі. Напрыклад, летам была прынятая рэзалюцыя, якая не састарэла да гэтага часу. Там быў заклік да дэмакратызацыі жыцьця ў краіне, да дыялёгу з апазыцыяй, да большай свабоды мэдыяў... Усё гэта не састарэла. Але апошнім часам дадаліся новыя рэчы: групу парлямэнтараў не пусьцілі ў Беларусь, узьнікла нечаканая сытуацыя вакол Саюзу палякаў... Усё гэта выклікае дадатковую цікавасьць".Калі дэпутат Юстас Палецскіс гаварыў пра ўвагу да беларускіх праблемаў ў Эўрапарляменце, то перадусім назваў дэпутатаў з Польшчы, краінаў Балтыі. Не ўпершыню найбольш актыўна ў гэтым рэчышчы паводзяць сябе парлямэнтары з тых краінаў, што ўвайшлі ў Эўразьвяз апошнімі. А вось іхныя калегі зь дзяржаваў, якія даўно там, чамусьці нярэдка абмінаюць беларускія справы.

Гэта сапраўды так. Тут, як мне падаецца, можна казаць пра пэўны комплекс прычынаў. Перадусім, такія зубры Эўразьвязу, як, напрыклад, Нямеччына, Францыя ці Італія, ня маюць агульнай мяжы зь Беларусьсю і, адпаведна, беларускія рэаліі хвалююць іх менш. Зразумела, у сваю чаргу тыя ж Літва, Латвія ці Польшча ведаюць пра стан спраў у Беларусі значна больш і лепш. Наступная важкая прычына -- некаторыя краіны Эўразьвязу дагэтуль лічаць, што беларускае пытаньне трэба вырашаць ня ў Менску, а ў Маскве. На гэта, напрыклад, зьвяртае асаблівую ўвагу былы міністар замежных спраў Польшчы, а цяпер дэпутат Эўрапарлямэнту Дарыуш Расаці:

(Расаці:) "Да гэтага часу Эўразьвязу здавалася, што Беларусь -- краіна, якая ляжыць дзесьці ў... Аўстраліі. Але ж Беларусь стала непасрэдным суседам Эўразьвязу, мае зь ім цяпер агульную мяжу. І гэта трэба абавязкова ўлічваць. Бо мы, палякі, ня можам, напрыклад, пагадзіцца з пазыцыяй Францыі, якая лічыць, што Беларусь, а да нядаўняй пары, і Ўкраіна ўваходзяць у сфэру інтарэсаў выключна Расеі. Мы з гэтым не пагаджаемся, бо нас цікавіць тое, што адбываецца адразу за нашай мяжой. Мы хочам, каб Беларусь і Ўкраіна сталі дэмакратычнымі краінамі. Я хачу нагадаць, што Эўразьвяз наагул не кантактуе з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Але адначасова мы павінны аказваць куды больш дапамогі недзяржаўным арганізацыям Беларусі і асабліва студэнтам ды моладзі. Народ беларускі, як і украінскі, сам прыйдзе да ўлады. Але трэба, каб беларуская моладзь выразна бачыла, чым адрозьніваецца аўтарытарная альбо таталітарная сыстэма ад рынкавай дэмакратыі -- той, што існуе ў нас".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG