Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чарнобыльскіх раёнах няма суполак палітычных партыяў, а жадаючыя паехаць на нацыянальны кангрэс ёсць


Казімір Яноўскі, Гомель Пад заслону кампаніі абраньня дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, дзе будзе вылучаны адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2006 году, улады публічна заявілі, што прадаставяць дзеля гэтага памяшканьне ў Менску. Аляксандр Лукашэнка сьцьвярджаў нават, што цяпер апазыцыя “ў трансе” ад дазволу, бо ехаць на Кангрэс з раёнаў няма каму.

Сходы па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў ў вобласьці праведзены ў 19 раёнах з 25-ці. Большасьць раёнаў будуць прадстаўляць па два дэлегаты. І толькі ад асобных раёнаў, напрыклад, ад Кармянскага, Акцябрскага, вылучана па аднаму дэлегату.

У невялікіх раёнах, асабліва тых, што пацярпелі ад Чарнобылю, няма суполак палітычных партыяў. Але гэта зусім не азначае, што тут няма жадаючых паехаць у Менск на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Проста ў невялікіх райцэнтрах усё навідавоку. Любая апазіцыйная дзейнасьць жорстка кантралюецца ўладамі. Паслухаем жыхарку з райцэнтру Брагін. Яна не пажадала, каб яе імя называлася публічна: (Жанчына:) “Чаму б не паехалі, паехалі б некаторыя, але баяцца людзі за працу, за дзяцей”.

Суразмоўніца распавяла, што мясцовыя ўлады скасавалі кантракт жанчыне, якая займала не надта вялікую пасаду ў сістэме раённага вузла сувязі. Нейкую пагрозу для сябе вертыкальныя чыноўнікі згледзелі ў тым, сувязістка выпісвала “Народную волю” і задавала прадстаўнікам выканкаму шмат нязручных пытаньняў.

Яшчэ аднаго чалавека папярэдзілі за тое, што ён браў удзел у кампаніі выбараў дэпутатаў парляменту на баку прадстаўніка ад апазыцыі: (Жанчына:) “Яму прыгразілі ў райвыканкаме, каб ён не займаўся, ня быў у апазіцыі. Канешне, людзі баяцца. Мне таксама прыйшла папера з папярэджаньнем, што не падоўжаць кантракт”, - паведаміла жыхарка Брагіну.

Адзін з арганізатараў сходаў у рэгіёне, намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімер Кацора лічыць, што ў 6 раёнах ужо наўрад ці ўдасца правесьці сходы і вылучыць дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Засталося мала часу. Да таго ж улады сіламі міліцыі і спэцслужбаў перасьледуюць удзельнікаў сходаў. Ніякіх памяшканьняў у раёнах актывістам і проста зацікаўленым людзям дзеля правядзеньня сходаў не даюць.

Міліцыя, выкарыстоўваючы розныя надуманыя падставы, кантралюе і сходы, якія праводзяцца ў прыватных дамах. У Чачэрскім раёне на падставе міліцэйскіх пратаколаў суд аштрафаваў двух актывістаў за тое, што яны ладзілі сход менавіта ў прыватным доме ў вёсцы Залесьсе: (Корхаў:) “Вельмі цяжка, у складаных умовах даводзіцца вырашаць самыя простыя палітычныя пытаньні. Усё пад кантролем з боку ўлады”, - кажа Аркадзь Корхаў, пэнсіянэр з Чачэрску, аштрафаваны на паўмільёна рублёў за правядзенне сходу па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Мясцовыя актывісты наогул зьдзіўлены надзвычай негатыўным стаўленьнем уладаў да дзейнасьці палітычных партыяў ды іх прадстаўнікоў, хаця такая дзейнасьць замацавана Канстытуцыяй краіны, як сказана, дзеля выяўленьня палітычнай волі грамадзянаў. Меркаваньне у гэтай сувязі сябра АГП з Лельчыцаў Васіля Сініцкага: (Сініцкі:) “Нашы з Аб`яднанай грамадзянскай партыі, прынамсі, і наш кандыдат ў парлямент у Палескай акрузе, набралі 18,5 працэнтаў галасоў выбарцаў, а прэзідэнт гаворыць, што гэта адшчапенцы, здраднікі ды так далей. У Расеі Жырыноўскі набірае са сваёй партыяй 5 працэнтаў галасоў, і ён квітнее. І прыязджае яшчэ ў Менск агітаваць за Лукашэнку нашых людзей”, - заўважае актывіст АГП з Лельчыцаў Васіль Сініцкі.

Такім чынам, і пасьля заяваў найвышэйшых дзяржаўных кіраўнікоў паспрыяць правядзеньню Кангрэсу дэмакратычных сілаў у Менску ў рэгіёнах стаўленьне ўладаў да сходаў па абраньні дэлегатаў на гэты Кангрэс не зьмянілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG