Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Булахаў: эпізоды палітычнай біяграфіі.


Сяргей Навумчык, Прага Дзьмітры Булахаў быў ня самым маладым дэпутатам – але самым маладым членам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Былы шэраговы супрацоўнік магілёўскіх праваабарончых органаў раптоўна ўзначаліў самую бадай галоўную парлямэнцкую Камісію – Камісію па заканадаўству – і ўзьняўся над міністрамі ды генэраламі. Абраны на пасаду ён быў выключна дзякуючы падтрымцы дэпутатаў БНФ і Дэмакратычнага клюбу ( апошні, праўда, існаваў толькі некалькі месяцаў і практычна нічым у гісторыі не адзначыўся).

У 1990-першай палове 1991 году Прэзыдыюм ВС выконваў хутчэй дэкаратыўную функцыю і кіраваў Вярхоўным Саветам, а не БССР. Рэспублікай кіраваў ЦК КПБ. Аднак пасьля аднаўленьня ў жніўні 1991 г. Незалежнасьці і роспуску КПБ-КПСС Прэзыдыюм ВС зрабіўся галоўным органам, так бы мовіць, выконваў ролю “калектыўнага прэзыдэнта” краіны – у тым ліку прызначаў амбасадараў, прымаў і выводзіў з грамадзянства, разглядаў прашэньні аб памілаваньнях.

Апынуўшыся ў абойме найвышэйшага кіраўніцтва краіны, Булахаў адкінуў дэмакратычную рыторыку. Увосень 1992 года менавіта Булахаў выставіў “абгрунтаваньні” супраць правядзеньня рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах паводле закону аб прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме, за які БНФ сабраў амаль паўмільёна подпісаў. Лідэр апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Зянон Пазьняк лічыць ( і з гэтым пагаджаюцца некаторыя палітолягі), што менавіта забарона таго рэфэрэндуму зрабілася фатальнай падзеяй, якая прадвызначыла паразу дэмакратыі ў Беларусі.

У студзені 1994 года Булахаў разам з Аляксандрам Лукашэнкам і Віктарам Ганчаром быў ініцыятарам адстаўкі Станіслава Шушкевіча; разам з Леанідам Сініцыным, Анатолем Лябедзькам яны складалі каманду, якую потым назвалі “камандай маладых ваўкоў” і якая прывяла Аляксандра Лукашэнку да ўлады.

Шэраг аналітыкаў адзначалі, што “маладыя ваўкі” меркавалі скарыстаць Лукашэнку як своеасаблівы “таран” для прыхода ва ўладу; пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Булахаў прэтэндаваў на пасаду Старшыні Канстытуцыйнага Суда.

Лукашэнка сапраўды прапанаваў кандыдатуру Булахава, аднак ён не набраў большасьці галасоў дэпутатаў. Я памятаю, што калі на табло запаліліся вынікі галасаваньня, Лукашэнка не стрымаў задаволенай усьмешкі. Праз некалькі тыдняў, увосень 1994 года Аляксандр Лукашэнка назваў Булахава, нароўні з Анатолем Лябедзькам, сваім прадстаўніком у Вярхоўным Савеце.

Булахаў ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савету наступнага скліканьня. Перад рэфэрэндумам 1996 г. ён выступіў ў прэсе з крытычнымі ацэнкамі палітыкі Лукашэнкі. Аднак пазьней – праз некалькі гадоў – зноў апынуўся ў камандзе Лукашэнкі, праўда, на значна меньш прыкметнай пасадзе ў апараце СНД.

Булахаву належыць фраза “Сувэрэнітэт – не ікона, на якую трэба маліцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG