Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9/11: інтэрнэт-чат на праспэкце Пераможцаў


Алена Струвэ, Менск Сёньня выпускнікі шэрагу амэрыканскіх адукацыйных праграмаў постсавецкіх краінаў прынялі ўдзел у міжнародным інтэрнэт-чаце “11 верасьня – дзень, які назаўсёды зьмяніў сьвет”. Арганізатар мерапрыемства – кіеўскае прадстаўніцтва амэрыканскага праекту Internet Access and Training Program. Сярод беларускіх удзельнікаў чату – жыхары Менску, Магілёву, Маладэчна, Берасьця. У чаце таксама прыняў удзел супрацоўнік амбасады ЗША ў Беларусі Джэймс Радрыгэс, асыстэнт аташэ па пытаньнях інфармацыі, адукацыі і культуры.

Геаграфія ўдзельнікаў сёньняшняга чату вельмі шырокая – Грузія, Армэнія, Азэрбайджан, Таджыкістан, Узбэкістан, Кіргізстан, Казахстан, Украіна, Беларусь, Малдова. Прадстаўнікі гэтых краінаў дасылалі свае меркаваньні наконт падзеяў 11 верасьня 2001 з уласных кватэраў, інтэрнэт-кафэ, тэхнічных бібліятэкаў, адусюль, дзе меўся доступ да Інтэрнэту.

Галоўным арганізатарам чату ў Беларусі стала менская Навукова-тэхнічная бібліятэка на праспэкце Пераможцаў. Ад 14-й гадзіны тут ля шматлікіх кампутараў сабраліся былыя выпускнікі амэрыканскіх праграмаў – навуковыя супрацоўнікі, настаўнікі, студэнты, школьнікі. Абмеркаваньне праблемы міжнароднага тэрарызму працягвалася і пасьля інтэрнэт– дыскусіяў. Удзел у абмеркаваньні, як і ў чаце ўзяў супрацоўнік амэрыканскай амбасады ў Менску Джэймс Радрыгэс. Ён падзяліўся сваімі ўласнымі ўражаньнямі пра падзеі 11 верасьня 2001 году.

Што да менскіх ўдзельнікаў чату, то яны назвалі свае ўражаньні непаўторнымі. Высьветлілася, што праблема тэрарызму аднолькава хвалюе жыхароў самых розных рэгіёнаў – гэтак званых “спакойных” і тых, дзе гэтая праблема адчувальная. Паводле навукоўца Уладзімера, беларусы надзвычай актыўна ўдзельнічалі ў чаце.

(Уладзімер: ) "Ад Беларусі – гэта былі жыхары Менску, Магілёву, Маладэчна, Берасьця. Меркаваньні ў розных краінах адрозьнівалася. Напрыклад, меркаваньні таджыкаў былі адрозныя ад пазыцыяў беларусаў ці ўкраінцаў, якія належаць да немусульманскіх канфэсіяў. Напрыклад, задавалася пытаньне, ці зьвязанае гэта ўсё з ісламам. Некаторыя так і пісалі: гэта – іслам. Зразумела, большасьць гэтае пазыцыі не падтрымалі, бо лічаць, што тэрарызм – гэта канкрэтныя людзі з канкрэтнымі мэтамі Удзельнікі чату выказваліся пра тое, што зьніжэньне пагрозы тэрарызму ёсьць разуменьнем праблемаў іншых людзей, адсутнасьць ксэнафобіі, пазбаўленьне нянавісьці да прадстаўнікоў іншых расаў – ёсьць шляхам да зьнішчэньня тэрарызму".

Гл.таксама www.iatp.by (Беларускі вэб-сайт IATP-праграм)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG